Вэрсія Starship SN15 стартавала з палігону Бока-Чыка ў штаце Тэхас. Падчас выпрабаваньняў карабель падняўся на вышыню 10 кілямэтраў з наступным адключэньнем рухавікоў, аэрадынамічным тармажэньнем, паўторным запускам рухавікоў для вяртаньня ў вэртыкальнае становішча і мяккай пасадкай на стартавую пляцоўку. Увесь палёт працягваўся шэсьць з паловай хвілін.
Гэты палёт прататыпу Starship стаў першым удалым запускам пасьля чарады няўдач. Папярэдні выпрабавальны палёт, які адбыўся 30 сакавіка, скончыўся выбухам карабля ў паветры. Карабель, запушчаны ў пачатку сакавіка, выбухнуў празь некалькі хвілін пасьля пасадкі. У ходзе запускаў у сьнежні і лютым ракеты выбухнулі і разбурыліся пры пасадцы.
У канцы красавіка кіраўнік SpaceX заявіў, што на апошнім прататыпе у параўнаньні з папярэднімі вэрсіямі праведзеныя «сотні канструктыўных удасканаленьняў».
Кампанія SpaceX распрацоўвае Starship ў якасьці альтэрнатывы ракетам Falcon-9 і Falcon Heavy. Кіраўнік кампаніі Ілан Маск чакае, што караблі гэтай мадэлі будуць выкарыстоўвацца для пілятаваных палётаў на Месяц і на Марс.