Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым дайшоў да поўнага азьвярэньня». Філёлягі выступілі ў абарону калегі Фядуты, зьняволенага ў справе аб замаху на Лукашэнку


Аляксандар Фядута, архіўнае фота
Аляксандар Фядута, архіўнае фота

«Тое, як лукашэнкаўскія апрычнікі абыходзяцца з годным, разумным, сумленным чалавекам, выклікае ў мяне такі гнеў, што я не магу ня выказаць сваё абурэньне». Пісьменьнікі, навукоўцы і журналісты патрабуюць вызваліць палітоляга Аляксандра Фядуту, піша DW.

Адкрыты ліст з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Аляксандра Фядуту і іншых палітвязьняў набраў каля тысячы подпісаў у Facebook.

Сярод падпісантаў шмат вядомых у Расеі людзей. DW паразмаўляла зь некаторымі зь іх.

«Гэтая гісторыя з псэўдазмовай адсылае да змрочных сталінскіх часоў»

Мікалай Падасакорскі, аўтар ліста ў абарону Фядуты, публіцыст, літаратуразнаўца

«Гэтая гісторыя з псэўдазмовай адсылае да змрочных сталінскіх часоў, калі прызнаньне абвінавачаных лічылася царыцай доказаў, і можа быць зручная цяперашнім беларускім уладам у якасьці дадатковага абгрунтаваньня прымяненьня тэрору супраць крытыкаў дыктатуры.

Вядома, разьлічваць на тое, што беларускія ўлады прачытаюць ліст і адразу ж выпусьцяць палітвязьняў, не выпадае. Але гэты ліст і ня быў зьвернуты да Лукашэнкі, ягоны адрасат — грамадзянская супольнасьць, усе неабыякавыя людзі.

Я мяркую, што галоўнае ў гэтай сытуацыі — не маўчаць. Гэта тое малое, што можна было зрабіць для Фядуты, знаходзячыся ў Расеі. Дый сама ўнутраная энэргія людзей, якія патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і абураныя тэрорам, абавязкова знойдзе выйсьце для свайго прымяненьня. Як той казаў, кропля камень точыць».

«Фядута — добры філёляг, мілы чалавек і, вядома, ніякі ня змоўшчык»

Алег Лякманаў, ляўрэат прэміі «Вялікая кніга»

«Я някепска ведаю Аляксандра Фядуту. Ён добры філёляг, мілы чалавек і, вядома, ніякі ня змоўшчык. Гэта відавочна кожнаму, хто размаўляў зь Фядутам хаця б пяць хвілін, і ніякія публічныя прызнальныя паказаньні мяне не пераканаюць. Я гісторык літаратуры і цудоўна ведаю, якім шляхам (пагрозы блізкім) выбіваліся, напрыклад, у 1930-я гады з савецкіх грамадзян гэткія паказаньні».

«Фядуту пагражалі калоць лекі гвалтам, давесьці да крытычнага стану і ў такім выглядзе здаць жонцы»

Алеся Лагашына, галоўная рэдактарка Postimees на расейскай, Эстонія

«Летась у жніўні мы сазваніліся [зь Фядутам] праз скайп для інтэрвію. Ён расказаў пра тое, што, упершыню апынуўшыся ў турме ў якасьці палітвязьня [у 2010 годзе], ацаніў працу псыхолягаў КДБ.

У той раз гаворка ішла пра пагрозы ўкалоць лекі гвалтам, абяцаньні давесьці да крытычнага стану і ў такім выглядзе здаць жонцы — можна ўявіць сабе, што ў арсэнале КДБ ёсьць і іншыя цікавыя прыёмы, з дапамогай якіх можна прымусіць чалавека прызнацца ў чым заўгодна».

«У Беларусі пры ўладзе банда ашалелых узурпатараў»

Аляксандар Далінін, ганаровы прафэсар Унівэрсытэту Вісконсін у Мэдысане

«У Беларусі пры ўладзе цяпер банда ашалелых узурпатараў, у дачыненьні да якіх у такіх выпадках, думаю, павінна дзейнічаць усеагульная прэзумпцыя іхнай вінаватасьці. Я падпісаўся пад заклікам вызваліць Аляксандра Ёсіфавіча ў 2010 годзе і падпісваюся цяпер, хоць цудоўна разумею, што злачынны рэжым за дзесяць гадоў дайшоў да поўнага азьвярэньня і нашыя ўгаворваньні на яго наўрад падзейнічаюць.

Тое, як лукашэнкаўскія апрычнікі абыходзяцца з годным, разумным, сумленным чалавекам, выклікае ў мяне такі гнеў, што я не магу ня выказаць сваё абурэньне і сваю падтрымку яму хоць такім спосабам. Свабоду Аляксандру Фядуту!».

17 красавіка ў рэпартажы тэлеканалу АНТ з удзелам кіраўніка КДБ Івана Тэртэля заявілі, што ўлетку ў Беларусі плянаваўся пераварот і ліквідацыя Аляксандра Лукашэнкі. У доказ прывялі запіс відэаразмовы ў Zoom, на якой нібыта абмяркоўваліся дэталі апэрацыі.

У справе 9 абвінавачаных.

  • Аляксандар Фядута,
  • Юры Зянковіч,
  • Рыгор Кастусёў,
  • Вольга Галубовіч,
  • Дзьмітры Шчыгельскі,
  • Аляксандар Перапечка,
  • Павал Кулажанка,
  • Віталь Макаранка,
  • Ігар Макар.

Фядуту, Зянковіча, Кастусёва і Галубовіч трымаюць пад вартай у СІЗА КДБ.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG