Прычынаю апошняга быў вельмі слабы зрок: здавалася, лінзы такіх акуляраў імгненна запаляць ад сонца паперу.
Мы пазнаёміліся нарэшце ў 1990-м, калі імя Ермаловіча ведаў кожны нацыянальна арыентаваны беларус. Ужо выйшла кнігаю ягонае славутае дасьледаваньне «Па сьлядах аднаго міту», якім мы некалi зачытваліся ў самвыдавецкім варыянце. (З працы Міколы Іванавіча вынікала, што аніякай, здавалася б, назаўсёды замацаванай у школьных і ўнівэрсытэцкіх падручніках «заваёвы літоўцамі беларускіх земляў» у гісторыі не было, а сама летапісная Літва знаходзілася на сучасным абшары Беларусі.)
Ужо было вядома, што гэта спадар Мікола пад псэўданімам Сымон Беларус нелегальна выпускаў у сярэдзіне глухіх сямідзясятых часопіс «Гутаркі», які памнажаў ягоны аднадумца мастак Яўген Кулік.
Вочы Ермаловіча амаль ня бачылі, але яго падтрымлівала шырокае прызнаньне: прыняцьце ў Саюз пісьменьнікаў, Дзяржаўная прэмія імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь», мэдаль Францішка Скарыны, атрыманьне ім, маладэчанцам, менскай кватэры, што пакінула ў мінулым штодзённыя паездкі ў электрычках, дзе Мікола Іванавіч, каб не губляць часу, нярэдка чытаў пасажырам сапраўдныя натхнёныя лекцыі.
Цяпер яго называюць заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі.
Акадэмічная навука мае да ягоных працаў шмат прэтэнзіяў, але ніхто з крытыкаў ня можа адмовіць, што Мікола Ермаловіч у свой час зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг — адкінуўшы канцэпцыі несамастойнасьці і другараднасьці гісторыі Беларусі, абудзіўшы цікавасьць да мінулага ў дзясяткаў тысяч суайчыньнікаў, спрычыніўшыся да вострых навуковых i грамадзкiх дыскусіяў за межамі краіны.
Пры канцы 1990-х ягоныя вочы маглі адно адрозьніць сьвятло ад цемры. У іншай дзяржаве чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы й адпаведны мэдычны догляд, і аўтамабіль з кіроўцам. Між тым Ермаловіч мусіў рухацца па Менску амаль навобмацак.
Пераходзячы вуліцу, ён загінуў пад коламі таксоўкі, так і не пасьпеўшы ўзяць у рукі сваю выніковую кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».
Сьмерць Міколы Ермаловіча зь ліку тых, што застануцца на сумленьні цяперашняга рэжыму.
Я люблю вызначэньне Жуля Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне». Ермаловічу больш даспадобы быў Пліні Малодшы: «Гісторыя пішацца для высьвятленьня ісьціны».
Эсэ з кнігі «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, С.466-467