Беларускі палітоляг Павал Вусаў тлумачыць палітычныя і псыхалягічныя падставы заяваў пра «150 бездарожнікаў», разважае, як сыстэма разбурае сьвядомасьць і рацыянальнасьць людзей, і заяўляе, што цяпер заставацца ляяльным уладзе ўжо мала, трэба яшчэ і рэтрансьляваць перакулены сьвет.
Сьцісла:
- Для Расеі вайсковая база ў Беларусі мае выключна сымбалічна-палітычнае значэньне, што мае прадэманстраваць геапалітычную перамогу Крамля.
- Такія палітычныя сыстэмы, як цяперашняя беларуская, — разбураюць рацыянальнасьць і людзкую сьвядомасьць.
- Адбываюцца псыхічныя зьмены ў сьвядомасьці, наступае шызафрэнія, калі людзі ня ў стане адрозьніць рэальнасьць ад нерэальнасьці.
- Гэта можа быць як форма праяўленьня ляяльнасьці, так і форма рэальных псыхічных зьменаў у сьвядомасьці людзей.
- Чым больш ты прымітыўны ў сваім сьветапоглядзе — тым большыя шанцы, што рэалізуесься ў такіх умовах.
— Фантастычныя заявы пра 150 бездарожнікаў з кулямётамі, магчыма, самі па сабе і ня вартыя сэнсоўнага абмеркаваньня, але пра што яны сьведчаць? Пра які паварот, пра якія настроі ў афіцыйнай рыторыцы і прапагандзе?
— Можна гаварыць пра глябальнае дамінаваньне няпраўды ў афіцыйнай інфармацыйнай прасторы. У лёгіцы кіроўнай эліты закладзена парадыгма — «чым больш няпраўды, тым лепей», «чым большы ўзровень гістэрыі ў грамадзтве — тым лепей». Пытаньне ў тым, што за гэтым крыецца, за ўсімі тымі маніпуляцыямі і фантастычнымі рэчамі, якія прыдумляюць афіцыйныя ўлады.
За гэтым можа хавацца тое, што ў Беларусі рыхтуюцца сыстэмныя зьмены ў функцыянаваньні палітычных інстытутаў. Магчыма, будуць рэалізоўвацца тыя працэсы, якія могуць цалкам падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Іншага сэнсу ў тым, каб прыдумляць цалкам абсурдныя рэчы і ўводзіць іх у інфармацыйную прастору Беларусі і Расеі — я ня бачу. Гэта можа сьведчыць, што Расея разам зь Менскам рыхтуе нейкі стратэгічны паварот, які адаб’ецца на далейшым лёсе Беларусі.
— Што канкрэтна вы маеце на ўвазе?
— Мне здаецца, гэта можа быць пашырэньне вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі. Гэта можа быць фармат вайсковай базы, альбо фармат зьмяшанага ці абмежаванага вайсковага кантынгенту на тэрыторыі Беларусі, што само па сабе будзе сьведчыць пра разбурэньне атрыбутаў незалежнасьці беларускай дзяржавы, а таксама відавочнае геапалітычнае ўключэньне Беларусі ў прастору Расеі.
— Расейскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі днямі заявіў, што сам Лукашэнка прасіў Пуціна ўвесьці ў нейкай ступені войскі ў Беларусь, але, паводле Паўлоўскага, Пуцін на гэта не пайшоў. І адно з тлумачэньняў, чаму гэтага не адбылося — тое, што адбыліся тэлефонныя размовы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, у якіх Байдэн, маўляў, выразна абазначыў магчымую вострую рэакцыю ЗША на агрэсіўныя дзеяньні Расеі адносна Ўкраіны. Як вядома, Расея адвяла свае войскі ад украінскай мяжы. Магчыма, і Беларусь была закранутая ў гэтых размовах?
— Канечне, варта ўзяць пад увагу, што ў ЗША быў прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, дзе было выразна сказана, што любыя інтэграцыйныя дамовы будуць ацэнены Вашынгтонам як агрэсіўныя дзеяньні Расеі, і супраць Масквы будуць уведзеныя санкцыі. Але я ня думаю, што гэта магло б спыніць Крэмль ад тых стратэгічных крокаў, якія заплянаваныя ў дачыненьні да Беларусі. Гэта ніколі не было бар’ерам для правядзеньня Расеяй пэўных агрэсіўных дзеяньняў адносна сваіх суседзяў.
У беларускім варыянце ў Масквы ёсьць усе прававыя і палітычныя падставы для пэўных дзеяньняў. Я маю на ўвазе дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», а таксама дамоўленасьці аб функцыянаваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Для Расеі вайсковая база ў Беларусі мае выключна сымбалічна-палітычнае значэньне, што мае прадэманстраваць геапалітычную перамогу Крамля.
У тым ці іншым выпадку ў найбліжэйшы час сытуацыя адносна вайсковай прысутнасьці ў Беларусі праясьніцца, асабліва пасьля таго, як Лукашэнка вырашыць, у якім выглядзе ён падпіша дэкрэт аб перадачы паўнамоцтваў Радзе бясьпекі.
— Беларускія ўлады вызначаюцца ня толькі заявамі пра 150 бездарожнікаў, якія зьбіраліся захапіць рэзыдэнцыю. Дзесьці затрымалі людзей у лазьні, дзесьці далі суткі за бел-чырвона-белыя сэрцайкі ў вакне, кагосьці затрымалі за чырвоныя элемэнты ў адзеньні, дзесьці зафарбавалі комін, бо быз бела-чырвоны. Ці не падаецца, што ідзе пэўнае спаборніцтва ў дурасьці?
— Такія палітычныя сыстэмы, як цяперашняя беларуская, разбураюць рацыянальнасьць і людзкую сьвядомасьць. Абсурд фактычна становіцца штодзённай рэчаіснасьцю для многіх людзей, асабліва для тых, хто функцыянуе ў дадзенай сыстэме. І гэтыя людзі самі становяцца мэханізмам пашырэньня гэтай ірацыянальнасьці, якая для іх ужо становіцца нормай. Адбываюцца зьмены ў сьвядомасьці, наступае шызафрэнія, калі людзі ня ў стане адрозьніць рэальнасьць ад нерэальнасьці. І тая рэчаіснасьць, якая ствараецца аўтарытарнай уладай, становіцца большай, чым уласныя пачуцьці і ўласныя веды.
Улады Паўночнай Карэі неяк абвясьцілі, што іхны астранаўт высадзіўся на Сонца і вярнуўся жывы-здаровы. Па стане сьвядомасьці беларускіх чыноўнікаў мы апынуліся ў культурным і палітычным сярэднявеччы. Тыя, хто працуе ў сыстэме, гатовыя ня толькі агучваць абсурдныя ідэі і выказваньні, але і рэалізоўваць іх. Гэта можа быць як форма праяўленьня ляяльнасьці, так і форма рэальных псыхічных зьменаў у сьвядомасьці людзей. Гэта ўжо прадмет аналізу хутчэй для псыхіятраў і псыхолягаў, чым для палітолягаў. Толькі татальнай ірацыяналізацыяй сьвядомасьці можна патлумачыць усё тое, што мы назіраем сёньня ў Беларусі.
— Кіроўны рэжым цяпер праводзіць палітыку пазбаўленьня ад усіх неляяльных у калідорах улады. Да якіх вынікаў у сыстэме кіраваньня прывядзе гэтая тэндэнцыя?
— Мы будзем і надалей назіраць працэс зачысткі ўсёй прасторы, палітычнай і грамадзкай. Гэта помста сыстэмы грамадзтву, якое выйшла па-за абмежаваньні.
У пэрспэктыве варта чакаць публічнага самабічаваньня, самаасуджэньня ў калектывах. Псыхалягічна мы вяртаемся ў пэрыяд 1930-х гадоў у СССР, калі практыкаваліся публічныя паказальныя асуджэньні працаўнікоў. Такім чынам грамадзтва падключалася да маштабных рэпрэсіяў, прынамсі на псыхалягічным узроўні.
Гэта, вядома, прывядзе да глыбокай унутранай дэградацыі сыстэмы. Людзі, якія не пажадаюць падладжваць сваю сьвядомасьць пад абсурдныя ідэі, пад ірацыянальную веру ў змовы, будуць вымушаныя звальняцца і зьяжджаць. Бо цяпер заставацца ляяльным сыстэме ўжо мала, трэба яшчэ і рэтрансьляваць гэтую скажоную дэфармаваную ідэалёгію, погляд на ўнутранае і замежнае жыцьцё.
Фактычна гэты перакулены сьвет становіцца асновай новай ляяльнасьці. Шмат хто ня будзе гатовы прыносіць у ахвяру сваю сьвядомасьць і сваё псыхалягічнае здароўе. Гэта, натуральна, прывядзе да эміграцыі і выезду зь Беларусі кваліфікаваных спэцыялістаў, адукаванай моладзі, што паўплывае на эканамічныя і палітычныя працэсы ў краіне.
Але разам з тым гэта ўзмоцніць унутраную прымітыўную кансалідацыю сыстэмы, бо гаворка ідзе менавіта аб прымітывізацыі сьвядомасьці. Чым больш ты прымітыўны ў сваім сьветапоглядзе — тым большыя шанцы, што ты сябе рэалізуеш у дадзеных умовах. Гэта вельмі моцна ў будучым адаб’ецца на Беларусі і яе цывілізацыйным разьвіцьці.