Яны былі закрытыя з пачаткам пандэміі ў сакавіку летась.
Аднавіць працу ў гэтых пунктах вырашыў на мінулым тыдні ўрад Літвы.
У панядзелак аднаўляецца праца пунктаў Шумск — Лоша ў Віленскім раёне, Цьверач (Tverečius) — Відзы у Ігналінскім раёне, Папелікі (Papelekis) — Лынтупы ў Сьвянцянскім раёне.
Паводле дадзеных памежнай службы, праз апошні пункт змогуць праехаць толькі транспартныя сродкі, якія перавозяць буйныя і цяжкія грузы, а празь першыя два — легкавыя аўтамабілі. Акрамя таго праз пункт Цьверач — Відзы перасякаць мяжу змогуць і пустыя грузавікі.
Пасьля ўвядзеньня карантыну ў сакавіку летась колькасьць наземных пунктаў кантролю, якія працуюць на мяжы Літвы зь Беларусьсю, была зьменшаная — працавалі толькі пункты пропуску Райгорад (Raigardas) — Прывалка, Салечнікі — Беняконі, Лаварышкі — Катлоўка і Меднікі — Каменны Лог.
У лістападзе летась пачалася мадэрнізацыя найбуйнейшага пункту Меднікі на літоўска-беларускай мяжы. З прычыны рэканструкцыі зьнізілася яго прапускная здольнасьць, не засталося магчымасьці перавозіць вялікія і цяжкія грузы.
З гэтай мэтай адкрыты пункт Папелікі, празь які з пропускамі Літоўскай дырэкцыі аўтамабільных дарог можна перавозіць грузы шырынёй да 5,6 м і неабмежаванай вышыні.
Падчас рэканструкцыі пункту Меднікі узьнікла неабходнасьць перанакіраваць патокі грузавых транспартных сродкаў, таму для пустых транспартных сродкаў быў адкрыты пункт Цьверач.
Пункт Шумск знаходзіцца ў той самай дарожнай сетцы і кірунку, што і пункт Меднікі, таму, як чакаецца, аднаўленьне яго працы зьменшыць паток аўтамабіляў у рэканструяваным пункце Меднікі.