Раней «Вясна» разам зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам даслалі ў Камітэт супраць катаваньняў свае пытаньні да беларускага ўраду ў сувязі з гэтым пэрыядычным, ужо шостым дакладам Менску пра выкананьне Канвэнцыі супраць катаваньняў.
«Беларусь дагэтуль не ратыфікавала факультатыўны пратакол да Канвэнцыі супраць катаваньняў — гэта азначае, што беларускія грамадзяне ня могуць зьвяртацца з індывідуальнымі зваротамі ў Камітэт супраць катаваньняў у выпадку парушэньня нейкіх правоў. Але ў прынцыпе Канвэнцыя супраць катаваньняў ратыфікаваная, то бок Беларусь узяла на сябе добраахвотныя абавязаньні выконваць Канвэнцыю, што таксама датычыць абавязку расьсьледаваць усе факты катаваньняў, якія адбываюцца ў краіне, і прыцягваць вінаватых да адказнасьці», — сказаў праваабаронца.
Стэфановіч паведаміў, што калі Камітэт супраць катаваньняў перадасьць пытаньні праваабаронцаў у Менск, беларускі ўрад абавязаны даць на іх адказ на сэсіі Камітэту, якая будзе разглядаць сытуацыю з катаваньнямі ў Беларусі.
«У справаздачы беларускага ўраду адна рэч вельмі каштоўная: Беларусь там прадстаўляе статыстыку, якую цяжка знайсьці ў свабодным доступе. Напрыклад: колькі было заведзена справаў супраць міліцыянтаў на працягу нейкага пэрыяду? Скаргаў пішацца шмат, але аказваецца, што большасьць зь іх заканчваюцца на этапе праверак. Крымінальныя справы так і не заводзяцца, усяго толькі адзінкі», — адзначае Стэфановіч.
Пасьля разгляду дакладаў як беларускага ўраду, так і праваабаронцаў, Камітэт выпрацуе рэкамэндацыі для беларускіх уладаў. Стэфановіч прызнае, што ўсе такія рэкамэндацыі да гэтага часу наагул ігнараваліся афіцыйным Менскам і заставаліся на паперы, нават калі ў справу ўмешвалася Рада правоў чалавека ААН і прымала адмысловую рэзалюцыю. Аднак апошняя рэзалюцыя, дадаў праваабаронца, унесла новы элемэнт.
«Апошняя рэзалюцыя Рады правоў чалавека ААН аб Беларусі адметная тым, што быў створаны міжнародны мэханізм расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у катаваньнях, — сказаў Стэфановіч. — То бок офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека надзелены паўнамоцтвамі зьбіраць і апрацоўваць інфармацыю, узбуджаць расьсьледаваньне і прыцягваць вінаватых да адказнасьці. Уся інфармацыя, сабраная пра катаваньні беларускімі праваабаронцамі, будзе перадавацца туды, у гэты офіс, надзелены цяпер такім інструмэнтам. Мы будзем зь ім шчыльна працаваць і такім чынам дамагацца справядлівасьці».
На сайце Рады правоў чалавека ААН паведамляецца, што сэсія Камітэту супраць катаваньняў, прысьвечаная Беларусі, прызначаная на 28 красавіка.
Акрамя «Вясны» і Беларускага Хэльсынскага камітэту, свае заўвагі і пытаньні да Беларусі праз Камітэт супраць катаваньняў накіравалі і іншыя праваабарончыя арганізацыі: Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Міжнародны камітэт дзеля расьсьледаваньняў катаваньняў у Беларусі-2020, Прыхільнікі правоў чалавека і Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын «Яе правы».