Праект прадставіў міністар інфармацыі Ігар Луцкі. Ён адзначыў, што інтэрнэт стаў «магутным фактарам уплыву на насельніцтва».
«Інтэрнэт стаў інструмэнтам інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэньне грамадзкіх асноваў і маральных каштоўнасьцяў, а часам і цэлых дзяржаваў. Менавіта таму шэраг навацый, якія зьмяшчаюцца ў законапраекце, накіраваныя на рэгуляваньне праваадносінаў у інтэрнэт-прасторы», — цытуе чыноўніка агенцтва БелТА.
Сярод іншага ў абноўленым законе пашыраюцца абавязкі ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў; замацоўваюцца падставы для пазбаўленьня журналістаў акрэдытацыі; вызначаецца пералік відаў забароненай інфармацыі; пашыраецца сьпіс падставаў для адмовы ў рэгістрацыі або перарэгістрацыі СМІ; пералічваюцца прычыны блякаваньня інтэрнэт-рэсурсу.
Генпракурор і абласныя пракуроры змогуць выносіць пастановы аб абмежаваньні доступу, калі будзе зафіксаваны распаўсюд інфармацыі з «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама іншых зьвестак, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам.
Акрамя таго, узгодненыя меры «для абмежаваньня замежнага ўплыву на інфармацыйны рынак, выключыўшы прэфэрэнцыі для рэдакцый СМІ, у статутным фондзе якіх замежныя інвэстыцыі перавышаюць 20%».
Абмежаваньні ў журналісцкай дзейнасьці закладзеныя і ў прыняты раней законапраект «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
Адна з навацый — забараняецца асьвятляць акцыі ў жывым эфіры (стрымы), калі яны ня ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі. Гэтаксама ўводзяцца дадатковыя патрабаваньні да журналістаў, якія працуюць на масавым мерапрыемстве. Яны павінны захоўваць грамадзкі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі, ім забараняецца выконваць «распарадчыя функцыі ў арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства».
Фактычна супрацоўнікі СМІ прыраўноўваюцца да ўдзельнікаў акцыі, што дае падставу сілавікам іх затрымліваць, судзіць і караць аж да пазбаўленьня волі.
Зрэшты, у часе леташніх поствыбарных пратэстаў гэта ўжо актыўна практыкавалася, сотні журналістаў адбывалі суткі і караліся штрафамі, больш за дзясятак сталі фігурантамі крымінальных спраў.