Новая кніга сталася працягам сэрыі, запачаткаванай у 1998 годзе выданьнем І-га тому Архіваў БНР у дзьвюх кнігах (разам 1726 старонак), у які ўвайшлі матэрыялы часткі Архіваў, што захоўваюцца ў Вільні. Укладальнікам гэтага выданьня быў я, праца ў віленскіх і менскіх архівах і бібліятэках заняла шэсьць гадоў.
Паводле першапачатковай задумы, у наступны том сэрыі меліся ўвайсьці дакумэнты зь Нацыянальнага архіву РБ у Менску — збор прыблізна такога самага велізарнага аб’ёму, што і віленскі. Аднак з розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын гэтае выданьне на нейкі час затрымалася, і наперад вырвалася навуковая моладзь з Горадні, а другі том выйдзе трэцім.
«Віленская» і «менская» часткі Архіваў складаюць разам адзінае цэлае, каля 8 тысячаў дакумэнтаў, аднак там няма самых важных актаў — пратаколаў пасяджэньняў Рады БНР (зачатку парлямэнту) і Народнага сакратарыяту (ураду) за 1918 год, калі беларуская палітыка рабілася на беларускай зямлі.
Знайшлася «сякера пад лавай»
Сьлед гэтых дакумэнтаў губляўся ў паваенных часах, калі яны разам з матэрыяламі Расейскага замежнага архіву ў Празе былі перададзеныя ў Маскву. Калі ў сярэдзіне 1990-х рыхтавалася выданьне першага тома, я даверыўся інфармацыі вядучых беларускіх спэцыялістаў архіўнай справы, якія сьцьвярджалі, што гэтыя дакумэнты ня знойдзеныя. Так, у грунтоўным артыкуле 1993 году пра лёс Архіваў БНР паважаная архівістка Ганна Сурмач пісала: «Успомненых вышэй пратаколаў Рады і Сакратарыята няма. І дзе знаходзяцца — невядома».
І вось першая сэнсацыя: дакумэнты ня толькі што знайшліся ў Расейскім дзяржаўным архіве — яны, як выявілася, былі там выкладзеныя ў адкрыты фонд ужо ў 1988 годзе! У 2018 годзе, напярэдадні 100-годзьдзя БНР, дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Горны падчас навуковай стажыроўкі ў Маскве зьвярнуў увагу на гэтыя дакумэнты і разам з калегам Андрэем Бучам яны вырашылі выдаць іх друкам. Яны ўклалі том, падрыхтавалі тэксты да друку, напісалі прадмову і камэнтары і ў студзені 2021-га публікацыя пабачыла сьвет. У яе ўвайшлі пратаколы пасяджэньняў Народнага Сакратарыяту БНР за пэрыяд ад 21 лютага да 26 лістапада 1918 году.
Не хапае пратаколаў Рады БНР
Разглядаць пратаколы НС асобна, у адрыве ад астатняга масіву Архіваў — справа бясплённая. Пасяджэньні адбываліся нерэгулярна, ёсьць істотныя правалы ў часе, высьвятленьня якіх трэба шукаць у іншых гістарычных крыніцах. Найбольш засмучае, што тут жа пад рукой няма пратаколаў пасяджэньняў Рады БНР, якія ўкладальнікі вырашылі выдаць у 2-й кнізе 2-га тома — яны б істотна дапоўнілі карціну. Ну нічога, чакалі доўга — пачакаем яшчэ трошкі.
Цяпер пра тое важнае або проста цікавае, што вычыталася ў гэтай кнізе.
У 1918 і назад. Пару дарожных нататак
- Ужо ў пратаколе № 1 за 21 лютага прагучала тэма беларускай шматмоўнасьці: была прынятая пастанова надрукаваць Устаўную грамату на 4 мясцовых мовах. Праз 10 гадоў гэтыя 4 мовы — беларускую, ідыш, расейскую і польскую — зацьвердзіць у якасьці афіцыйных Канстытуцыя БССР.
- Крыху кур’ёзны артэфакт — пратакол № 3 за 23 сакавіка, які напісаны на блянку «Журнала заседаний Совета Народных Комиссаров Западной Области и фронта». «Комиссаров Западной Области и фронта» закрэсьлена і паверх надпісана «Секретарей». Чаго блянкам прападаць. У гэтым самым пратаколе — пра рашэньне наконт адмены дэкрэтаў СНК: «Пока отложить». Эээ... што?
- Паміж 25 лютага, калі немцы выселілі Народны Сакратарыят з дому з бальконам на Пляцы Волі, і 20 сакавіка, калі беларускі ўрад пераняў памяшканьне над будучай «Чабурэчнай» (Валадарскага, 9, а тады — Захараўская, 43), у дзейнасьці НС паўза.
- На пасяджэньні НС 24 сакавіка — ні слова пра пасяджэньне Рады БНР увечары таго дня. Мабыць, мала хто чакаў, чым тое пасяджэньне скончыцца пад раніцу наступнага дня.
- Для будучых гістарычных бэлетрыстаў — справа Язэпа Мамонькі, якога ў канцы сакавіка арыштавалі нібыта за ўдзел у «грабяжы». Больш пра гэтую справу нічога не вядома. Народны Сакратарыят прапаноўваў прасіць вызваленьня Мамонькі пад «узяцьце на парукі». Хто ведае — чаму Мамонька (разам з Шылам і Грыбам) трапіў у прыпеўку, якую сьпявае Мікіта Зносак у Купалавых «Тутэйшых»... Гістарычны факт: Язэп Мамонька пасьпеў пасядзець у турме падчас усіх уладаў, якія зьмяніліся ў Беларусі ў 1910-20 гадах.
- Важная дата: 30 сакавіка пастановай Народнага Сакратарыяту БНР беларуская мова абвяшчаецца Дзяржаўнай мовай БНР, мовы нацменшасьцяў — нараўне зь дзяржаўнай. Раней гэтая дата падавалася паводле публікацыі пастановы ў друку — 3 красавіка.
- Абвяшчэньне Незалежнасьці на месцах часам выклікала шок: «Койданаўская Беларуская Рада надта перапужалася аб’яўленьня незалежнасьці і спыніла пакуль што сваю работу, пакуль ня будзе выясьнена ўсё тое, што заставіла Раду БНР аб’явіць незалежнасьць», дакладае НС старшыня Койданаўскай Рады. Вырашана: паслаць Тамаша Грыба ў Койданава, каб правёў там растлумачальную работу.
- Нямецкія акупанты завялі на тэрыторыі Беларусі сярэднеэўрапейскі, бэрлінскі час, таму дамаўляючыся пра час, трэба было ўдакладняць: «пасядзэньня Сэкрэтарыяту назначэна на 8 гадзін па-нямецку», «в 6 ч. вечера по белорусскому времени», «у 6-8 гадзін па эўрапейскаму часу».
- Яшчэ адна рэакцыя на абвяшчэньне Незалежнасьці — ужо станоўчая, але ацаніце настрой, «вочы баяцца, рукі робяць»: «31 сакавіка адбылося пасяджэньне Магілёўскай Беларускай Рады, на каторым былі галасы нават (!) за Заходнюю арыентацыю, за ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і за аб’яўленьне яе нават (!) незалежнай» (выдзяленьні і выклічнікі мае — СШ).
- І яшчэ да ўвагі бэлетрыстаў: 3 траўня кіраўнік НС Язэп Варонка дакладае: «У Менск нібы прыехала партыя Беларускіх тэрарыстаў (Зялёны Дуб) пастанавіўшая зьнішчыць усіх тых, у каго зьявілася думка аб пасылцы тэлеграмы імпэратару Вільгельму». Пастаноўлена: Прасіць камэндатуру купіць зброю для сяброў як НС, так і Рады, але паводле рэкамэндацыі НС.
- Важная дата: 23 красавіка пастаноўлена замест пячаткі НС з снапом, касой і граблямі зацьвердзіць пячатку з «Пагоняй».
- Гісторыя рэчаў: Аўтамабіль «Студэбэкер». Высланая ў Кіеў Надзвычайная дэлегацыя для міжнародных перамоваў на чале з Аляксандрам Цьвікевічам дзеля саліднасьці купіла для патрэбаў Народнага Сакратарыяту аўтамабіль памянёнай маркі за 8000 рублёў, капітальны рамонт каштаваў яшчэ 4459 рублёў 40 капеек. Але выявілася, што ўтрыманьне аўтамабіля каштуе занадта дорага — за час эксплюатацыі гэтыя выдаткі склалі яшчэ 6540 рублёў. Пры куплі было абяцана пры першай магчымасьці перадаць машыну ў Менск. Праходзіць яшчэ некалькі месяцаў, машына так і ня выехала з Кіева, і НС пастанаўляе: прадаць. Канец гісторыі невядомы.
- І проста так. З дакладу консула ў Маскве Алеся Бурбіса, 23 ліпеня: «У бальшавікоў увайшло ў моду пасылаць сваіх людзей, каб падымаць паўстаньне на Беларусі, Украіне і інш. на што даюць вялікія грошы але гэтыя агітатары, пабраўшы авансы, не даяжджаюць да мейсца».
Першы том Архіваў БНР выйшаў пад 25 сакавіка 1998 году, першая кніга другога — добры падарунак на 25 сакавіка 2021-га. Віншую Аляксандра Горнага і Андрэя Бучу з гэтым выданьнем, з Днём Волі, жадаю кожны год сустракаць гэты дзень новай кнігай.
Ну і апошняе і ня менш важнае: Тыраж кнігі — 200 асобнікаў. Так што сьпяшайцеся, калі ня хочаце спазьніцца! Кніга прадаецца на сайце кампаніі «Тэхналёгія» і ў інтэрнэт-крамах knihi.by і kniganosha.by.