Вярнуўшыся на працу пасьля 15 сутак зьняволеньня за «хуліганства» (за тое, што 16 лютага разьмясьціў на дрэве маленькі сьцяжок), Дзяніс Тушынскі раптам даведаўся, што яго ўжо звольнілі, паведамляе «Наша Ніва».
«Прыходжу на працу літаральна ўчора — і бачу, што майго імя ў раскладзе няма. Аказваецца, усё — я звольнены», — кажа Дзяніс.
Ён удакладняе, што быў на так званым «дэкрэтным кантракце», то бок працаваў на месцы жанчыны, якая ў дэкрэце. Паводле Тушынскага, жанчына павінна была правесьці ў дэкрэце яшчэ недзе каля трох месяцаў, але чамусьці раптоўна выйшла на працу.
«Супадзеньне? Ня думаю. Наколькі ўсё законна, пакуль не скажу, трэба пагаварыць зь юрыстам. Бо яны ж мусілі паведаміць аб звальненьні загадзя, хіба не за месяц. Трэба разьбірацца», — кажа Дзяніс Тушынскі.
Ён кажа, што ня вельмі дзівіцца звальненьню, бо «калі вешаеш сьцяжок на дрэва, то рацыянальна мусіш разумець, што зь дзяржаўнай установы раней ці пазьней звольняць, але эмацыйна — гэта было непрыемна».
Гэта ўжо трэці ягоны арышт і «суткі». Калі затрымлівалі першы раз, ён быў у адпачынку, пасьля другога проста напісаў тлумачальную — тым усё і скончылася.
Што рабіць далей, Дзяніс Тушынскі пакуль ня ведае. Кажа, што «трохі агаломшаны», але на наступным тыдні пачне шукаць новую працу. Эміграваць не зьбіраецца.
Пакуль выкладчык сядзеў на сутках, звольніўся дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі. Дзяніс Тушынскі кажа, што пад загадам на яго звальненьне подпісу Шадурскага няма, і выказвае здагадку, што той мог адмовіцца падпісваць загад, і гэта магло таксама прычыніцца да звальненьня.