Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18-гадоваму жыхару Жлобіна прысудзілі тры гады калёніі за «масавыя беспарадкі»


Жлобінскі суд, архіўнае фота
Жлобінскі суд, архіўнае фота

25 лютага суд Жлобінскага раёну вынес рашэньне ў крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі» і «гвалт ці пагрозу гвалту ў бок міліцыі» у дачыненьні да 18-гадовага Аляксандра Кі́селева. Яму прысудзілі тры гады калёніі.

Такі тэрмін і прасіў пракурор.

Справа тычылася падзей 10–11 жніўня ў Жлобіне, калі людзі выйшлі ў цэнтар гораду і патрабавалі сумленных выбараў. Пасьля жорсткага разгону шмат каго затрымалі.

Маладых людзей, у тым ліку Кіселева, абвінавацілі ў тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, перашкаджалі руху транспарту, сьвісталі, выгуквалі лёзунгі, уцякалі ад міліцыі і кідалі камяні ў бок міліцыянтаў і транспарту праваахоўных органаў.

Апроч таго, што «сьвістаў, крычаў, перашкаджаў працы транспарту», Аляксандра вінавацяць у «арганізацыі збору актыўных і пасіўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу». Доказ гэтага — відэа, на якім хлопец жэстыкулюе перад натоўпам.

«Я толькі аднойчы спрабаваў скаардынаваць натоўп, але людзі мяне не паслухалі і пайшлі ў іншы бок», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.

Сваю віну паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Аляксандар прызнае. Ён адмаўляе, што пагражаў гвалтам ці прымяніў яго да супрацоўнікаў міліцыі.

Малады чалавек патлумачыў, што быў на мітынгу, рухаўся ў калёне, скандаваў лёзунгі, але камянёў ня кідаў, гвалт да міліцыі не ўжываў.

Аляксандар зазначаў на судзе, што быў абураны тым, як удзень 9 жніўня затрымалі ягонага непаўналетняга сябра.

«Крычалі лёзунгі, гучалі розныя песьні. Я падтрымліваў тое, што людзі крычалі, у тым ліку гэта была спроба данесьці да міліцыі, каб яны перайшлі на бок пратэстоўцаў. Я хацеў, каб супрацоўнікі міліцыі склалі шчыты і выпусьцілі затрыманых», — выказаўся Аляксандар.

Адвакат Пётар Барысаў лічыць прысуд суровым і будзе яго абскарджваць.

У справе за «масавыя беспарадкі» ў Жлобіне раней асудзілі 17-гадовага Віталя Прохарава (2 гады выхаваўчай калёніі), 18-гадовага Яўгена Каханоўскага (3,6 года калёніі), 21-гадовага Дзьмітрыя Гопту з разумовай адсталасьцю (2 гады калёніі).

Цяпер у судзе Жлобінскага раёну слухаюцца яшчэ дзьве справы маладых жыхароў гораду за «масавыя беспарадкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG