22 лютага берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда пасьля 12 дзён арышту выйшаў з ізалятару. Ён расказаў «Белсату», што ягоную жонку Паліну Шарэнду-Панасюк 23 лютага этапавалі зь берасьцейскага СІЗА № 7 у Навінкі.
Цягам паўмесяца зьняволеную будуць трымаць там дзеля правядзеньня судовай псыхалягічна-псыхіятрычнай экспэртызы. Андрэй лічыць гэта ціскам на жонку, спробай маральна зламаць яе.
«Помста за пазыцыю. Яна не прызнае сьледчых, якія ходзяць да яе, і не дае ніякіх паказаньняў, бо лічыць іх злачынцамі».
У Навінках Паліна ня зможа атрымліваць лістоў.
Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласнай кватэры 3 студзеня і завялі супраць яе крымінальную справу паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт або пагроза выкарыстаньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў».