Суд таксама пастанавіў выплаціць кампэнсацыю за маральную шкоду, нанесеную міліцыянтцы, у памеры 1 тысяча рублёў.
Пракурор прасіў пакараць абвінавачанага пазбаўленьнем волі на чатыры гады.
Бацька абвінавачанага Андрэй Кармановіч лічыць рашэньне суду занадта суровым і несправядлівым.
«Я абураны нашай сыстэмай правасудзьдзя. У яго не было судзімасьці, першы раз трапіў пад суд... І такі прысуд! Такая сытуацыя ў краіне насьцярожвае», — заўважыў ён.
Маці Вольга кажа, што Дзьмітрый скончыў школу з залатым мэдалём, паступіў на бюджэт у БДУІР, вывучыўся на праграміста і ўладкаваўся на працу.
«Мой сын — прыстойны і выхаваны чалавек. Калі забілі Рамана Бандарэнку — ён быў вельмі засмучаны. Ён казаў, што нешта нядобрае адбываецца ў нашай краіне. Магчыма, таму пайшоў на акцыю пратэсту», — выказалася маці.
Што здарылася
15 лістапада ў Гомлі праходзіла нешматлікая акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада ў Менску. Частка людзей пайшла праспэктам Перамогі, другая — вуліцай Савецкай. Кучка людзей была ля цырку. Іх здымала на мабільны тэлефон міліцыянтка Натальля Сінькевіч.
«Я спалохаўся, што ў далейшым прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле 23.34, і паспрабаваў выбіць рукой тэлефон у супрацоўніцы. Цэліўся ў тэлефон, быў спалоханы», — тлумачыў на судзе Дзьмітры Цімашэнка.
Тут жа ля цырку яго і затрымалі. Пры затрыманьні з кішэні ў маладога чалавека выпаў сьцізорык. Гэтыя кадры потым паказвалі на дзяржаўнай тэлевізіі. Экспэртыза прызнала ножык гаспадарчым.
Дзеяньні Дзьмітрыя расцанілі як гвалт над супрацоўніцай міліцыі з прычын «палітычнай варожасьці».
Міліцыянтка апавядала на судзе, што ад удару па руцэ ў яе была гематома, якая не прывяла да кароткатэрміновага разладу здароўя. Яна шкадуе разьбітага тэлефона. Маці Дзьмітрыя кампэнсавала ягоны кошт. Таксама міліцыянтка просіць спагнаць з абвінавачанага кампэнсацыю маральнай шкоды — 1 тысячу рублёў, бо яна «баялася за сябе і сваё дзіця».
Дзьмітры неаднаразова прасіў прабачэньня ў пацярпелай. На апошнім слове ён плакаў і казаў, што ў яго не было палітычнай варожасьці. «Я не злачынца. На лаве падсудных апынуўся першы і апошні раз. Я раскайваюся. Магу быць карысны грамадзтву як чалавек і грамадзянін. Прашу даць мне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі», — сказаў абвінавачаны.