Падставай для правядзеньня маштабных ператрусаў, паводле заявы афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай, сталі вынікі апэратыўна-вышуковых захадаў у дачыненьні да асобаў і арганізацый, якія «ажыцьцяўляюць фінансавую і інфармацыйную падтрымку пратэстаў у Беларусі».
Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, яны ня проста аказвалі дапамогу, а, «выступаючы замежнымі агентамі, ладзілі і фінансавалі пратэсты пад прыкрыцьцём праваабарончай дзейнасьці».
Чамаданава назвала лічбу ў 90 ператрусаў, якія правялі сілавікі ў офісах і кватэрах прафсаюзу РЭП, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама «мэдыярэсурсаў пратэставага толку».
Прадстаўніца МУС адзначыла, што вобшукі ладзілі ва ўсіх абласных цэнтрах і ў сталіцы.
Падчас сьледчых дзеяньняў сілавікі вынялі грошы ў рознай валюце, што ў эквіваленце склала больш за 80 тысяч даляраў. Акрамя таго, згодна са словамі Чамаданавай, «дакумэнты на атрыманьне замежных грантаў і сотні квітанцый на аплату штрафаў фізычных асоб і юрыдычных паслуг, пратэставая літаратура і матэрыялы пра формы і мэтады процідзеяньня супрацоўнікам міліцыі, у тым ліку гвалтоўнага характару».
Таксама Чамаданава паведаміла пра выманьне падчас ператрусаў «незарэгістраванай сымболікі», назвала палітвязьняў і іншых пацярпелых ад дзеяньняў рэжыму «псэўдарэпрэсаванымі» і заявіла, што ў руках сілавікоў пасьля ператрусаў апынулася літаратура, якая «прапагандуе ЛГБТ-каштоўнасьці».
Усе канфіскаваныя рэчы адправілі ў Сьледчы камітэт. Сярод іх, меркавана, «наркатычныя сродкі і прадмет, падобны да пісталета». Будзе праводзіцца экспэртыза.