Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павел Латушка 17 лютага правядуць сустрэчу ў новай сацсетцы Clubhouse.
Як гаворыцца ў анонсе сустрэчы, «пакой» (чат) адкрыецца ў 17:00 па менскім часе.
Clubhouse — сацыяльная сетка, удзельнікі якой зьбіраюцца ў онлайн-пакоях і размаўляюць у рэжыме рэальнага часу. Любы карыстальнік можа паслухаць размову і з дазволу мадэратара падлучыцца да дыскусіі. Расейскамоўны сэгмэнт гэтай сеткі хутка расьце ў апошнія дні.
Удзельнікі плянуюць абмеркаваць «будучыню Беларусі», піша TUT. BY. Выданьне абяцае выдаць «інвайты» (запрашэньні) для ўдзелу ў размове. Далучыцца да чату зь Ціханоўскай і Латушкам можна будзе па спасылцы.
Паведамляецца, што ў Clubhouse ўжо зарэгістраваліся многія вядомыя беларусы, сярод іх IT-прадпрымальнікі Віктар Пракапеня і Мікіта Мікада.
14 лютага заснавальнік SpaceX Ілон Маск напісаў у твітэры, што хацеў бы правесьці ў Clubhouse сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Крэмль палічыў цікавай ягоную прапанову. На наступны дзень расейскі пракрамлёўскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў паведаміў, што сацыяльная сетка Clubhouse заблякавала ягоны рахунак амаль адразу ж пасьля таго, як ён быў адкрыты.