Судзьдзя Вольга Краўчанка не задаволіла хадайніцтва адвакатаў, каб падабаронных вярнулі на працэс. Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня, пазыцыю якой падтрымала судзьдзя, даводзіла, што абвінавачаныя выдаленыя да канца судовага сьледзтва.
Блогераў зь Берасьця вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу судзьдзі. Ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Блогеры не прызналі сваёй віны
Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Сваёй віны блогеры не прызнаюць. 11 лютага на першым судовым пасяджэньні яны настойвалі, каб на працэс дапусьцілі родных і журналістаў. Заля тады была запоўнена маладымі людзьмі.
16 лютага на судовае пасяджэньне трапілі трое журналістаў і двое паплечнікаў Кабанава з АГП.
Пазыцыю Кабанава агучвалі зь ягоных паказаньняў на папярэднім сьледзтве. Сяргей Пятрухін адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчых. Паводле адваката, ён зьбіраўся выказаць сваё стаўленьне да абвінавачаньня на судзе, але яго ў залю не даставілі.
У Кабанава сьледчыя выпытвалі пра ягоныя стасункі зь Сяргеем Пятрухіным, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам, Віктарам Бабарыкам, Сьцяпанам Пуцілам.
Паводле Кабанава, ён пазнаёміўся зь Сяргеем Ціханоўскім у 2019 годзе, але супольных спраў зь ім ня меў і адмовіўся рэклямаваць ягоны канал «Страна для жизни». Са слоў абвінавачанага, ён крытычна выказваўся наконт вылучэньня Ціханоўскага ў прэзыдэнты.
Па словах Кабанава, уладальнікі YouTube-каналу «Народный репортёр» знаходзяцца ў Літве. Ён далучыўся да яго на просьбу Пятрухіна. У відэароліках выказваў сваё стаўленьне да сытуацыі ў краіне ды крытыкаваў дзеяньні ўлады. Перакананы, што гэта не правапарушэньне. Кабанаў ня бачыць у відэароліках падставаў для крымінальнага перасьледу. Справу супраць сябе ён называе палітычна матываванай, а затрыманьне — незаконным.
Абвінавачваньне: «Дзеяньні абвінавачаных былі скіраваныя на абвастрэньне палітычнай напружанасьці ў краіне»
Паводле абвінавачваньня, дзеяньні Кабанава і Пятрухіна ў змове зь Ціханоўскім былі скіраваныя на абвастрэньне палітычнай напружанасьці ў краіне. Масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя імі, праводзіліся без дазволу мясцовых органаў улады і парушалі грамадзкі парадак.
У абвінавачаньні гаварылася, што падсудныя стварылі і адміністравалі сыстэму распаўсюджваньня для неабмежаванага кола асобаў інфармацыі, якая ўтрымлівала непраўдзівую ацэнку нелегітымнасьці выкананьня службовых і грамадзкіх абавязкаў прадстаўнікамі ўлады, а таксама законнасьці іх патрабаваньняў ды заклікі не падпарадкоўвацца ім. Яны былі стваральнікамі YouTube-каналаў: «Страна для жизни» і «Народный репортёр», а таксама іншых тэлеграм- і YouTube-каналаў, дзе выкладаліся фота-, відэа- і тэкставыя матэрыялы. За сваю працу, паводле абвінавачваньня, атрымлівалі ад Сяргея Ціханоўскага грашовае ўзнагароджаньне.
Пацярпелы амапавец: «Перажываю за сваіх блізкіх»
Паводле абвінавачваньня, падсудныя апублікавалі фатаздымак супрацоўніка магілёўскага АМАПу Віталя Аўтушэнкі на YouTube-канале «Народный репортёр» і суправадзілі яго зьневажальным камэнтаром. Міліцыянт прызнаны пацярпелым і намагаецца спагнаць з абвінавачаных 1,5 тысячы рублёў за маральную шкоду.
Здымак амапаўца зьявіўся ў інтэрнэце пасьля ягонага ўдзелу ў затрыманьні 6 траўня пад Магілёвам блогера Сяргея Ціханоўскага. Аўтушэнка ўбачыў фота ў YouTube-канале «Народный репортёр» 8 траўня. Ён настойвае, што камэнтар да здымка дэманізуе яго і зьневажае ягоны гонар і годнасьць. Аўтушэнка казаў суду, што зь ягонымі бацькамі пасьля зьяўленьня фатаздымка перасталі размаўляць суседзі.
«Я стаў перажываць за сваіх блізкіх і родных, бо я зьяўляюся прадстаўніком праваахоўных органаў і баюся, што трэція асобы могуць прычыніць ім шкоду», — казаў на судзе Віталь Аўтушэнка.
Паводле абвінавачваньня, Сяргей Пятрухін зьняважыў судзьдзю Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанку. Лешчанка — таксама пацярпелы. Яго суд выслухае на наступным судовым пасяджэньні 19 лютага.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.