З пачатку кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году, амаль за дзевяць месяцаў, у краіне завялі больш за 1800 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў іхных штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасьля выбарчай кампаніі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
У канцы студзеня Міністэрства ўнутраных спраў расказала пра 1750 «злачынстваў, зьвязаных з масавымі беспарадкамі, пагрозамі, гвалтам, супрацівам». Зь іх 667, паводле МУС, — у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Згодна са зьвесткамі праваабаронцаў, самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы з траўня 2020 году:
- 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі) — сама меней 182 фігуранты спраў па гэтым артыкуле;
- 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — справы па гэтым артыкуле масава заводзілі супраць актывістаў у траўні і ліпені («Справа Ціханоўскага», альбо «Горадзенская справа», «справа 14 ліпеня»). Таксама пасьля акцыі на Дзяды ў Менску;
- 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак);
- 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- 243 КК РБ (Ухіленьне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле затрымлівалі актывістаў штабу Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту;
- 339 КК РБ (Хуліганства).
Таксама вядома пра завядзеньне крымінальных спраў за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі (арт. 188, 369 КК РБ і інш.). Па дадзеных, апублікаваных ГУУС МУС, на пачатак студзеня 2021 году заведзены 332 крымінальныя справы па гэтых дыфамацыйных артыкулах.