Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неаднаразова прысутнічаў на перамовах, калі Макей казаў пра пагрозы з боку Расеі», — Латушка пра «паўночнакарэйскае мерапрыемства»


Павал Латушка
Павал Латушка

Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы амбасадар Павал Латушка назваў Усебеларускі народны сход «тэатрам аднаго актора», згадаў шматгадовую антырасейскую рыторыку кіраўніка МЗС, які прапанаваў адмовіцца ў Канстытуцыі ад нэўтралітэту і замацаваць прыярытэт Расеі ў замежнай палітыцы.

Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе расказаў, што раней яму даводзіліся прысутнічаць на так званых Усебеларускіх народных сходах, якія яму заўсёды нагадвалі сходы эпохі Савецкага Саюзу.

— Гэта заўсёды быў тэатар аднаго актора, выступ вялікага «правадыра народу», які выкарыстоўваў гэтую трыбуну, каб прамаўляць свае лёзунгі і прыярытэты сваіх дзеяньняў. Як правіла, гэтыя лёзунгі ў далейшым у жыцьці не рэалізоўваліся. Два дні цяпер мы будзем назіраць аналягічную карціну. У матэрыялах, прадстаўленых дэлегатам зьезду, вельмі шмат непраўдзівай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны, аб так званым сацыялягічным апытаньні, праведзеным у Беларусі. Гэта ўсё фарс і хлусьня, як і задачы, якія ставіць Лукашэнка. Найперш увага сканцэнтраваная на ім. Абвешчаныя пляны таксама ня будуць рэалізаваныя, бо для гэтага няма ні інтэлектуальнага рэсурсу людзей, што там сабраліся, ні арганізацыйнага, ні фінансавага, ні эканамічнага рэсурсу.

— На вашу думку, якая частка людзей, што там знаходзяцца, успрымае гэты сход такім жа чынам, як вы цяпер ахарактарызавалі?

— Я думаю, што большасьць людзей гэтак і ўспрымае. Чаму чыноўнікі гатовыя далей падпарадкоўвацца Лукашэнку? Прычына толькі адна — страх у большасьці зь іх. Гэта зьвязана з рэальнымі прыкладамі — зьніклыя палітыкі на ўзроўні міністра, фактычна забітыя за палітычныя погляды. Мы ведаем пра тое, якія рэпрэсіі зазналі высокапастаўленыя чыноўнікі, якія пераходзілі на бок народу, пачынаючы з Чыгіра і Саньнікава... Страх уплывае на розумы і паралізуе дзеяньні, таму і працягваецца гэтая карціна, падобная да нейкага паўночнакарэйскага мерапрыемства. Аплядысмэнты. Можа, заўтра пачуем: «Да здравствует Александр Григорьевич, слава великому вождю».

Былы амбасадар Павал Латушка пракамэнтаваў і прапанову кіраўніка МЗС Уладзімера Макея адмовіцца ў Канстытуцыі ад нэўтралітэту Беларусі і замацаваць прыярытэт Расеі ў замежнай палітыцы.

— Памятаеце той ілюзорны імідж, які спрабаваў пабудаваць вакол сябе Макей як зацяты прыхільнік незалежнасьці Беларусі, у справе беларусізацыі нашага грамадзтва, павагі да ўласнай гісторыі? Усё гэты быў пыл у вочы, які сёньня разьвеяў сам Макей. Гаворачы пра тое, што будзе толькі адзін вэктар у зьнешняй палітыцы, ён ставіць пад пытаньне пэрспэктывы незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Ён адмаўляецца ад той пазыцыі, якую прапаведаваў эўрапейскім і амэрыканскім партнэрам, якая, дарэчы, заўсёды насіла антырасейскі характар.

Я неаднаразова прысутнічаў на перамовах, калі ён казаў пра пагрозы з боку Расейскай Фэдэрацыі. Рыторыка Макея, як і рыторыка Лукашэнкі, як і высокіх прадстаўнікоў МЗС, заўсёды мела антырасейскі аспэкт — пагроза Расеі, дапамажыце нам, ратуйце нас, бо ў адваротным выпадку Беларусь страціць сваю незалежнасьць. Пытаньне да самога Макея — дзе ён казаў праўду, а дзе хлусьню.

Фактычна мы бачым, што сёньня ён прапануе вызначыць адзін вэктар, мяняе акцэнты ў зьнешнеэканамічнай палітыцы, а гэта пытаньні бясьпекі, нашага сувэрэнітэту і незалежнасьці. Макей гаварыў пра тое, што экспарт павінен складацца з трох частак 50 (Расея), 25 (ЭЗ) і 25 (трэція краіны сьвету). А раней ён прапаведаваў тэзіс 33, 33 і 33 — па траціне на кожны з гэтых кірункаў. Адмова ад нэўтралітэту, вызначэньне аднаго вэктару, зьмена зьнешнеэканамічных прыярытэтаў супярэчыць усяму таму, што заяўляў і што рэальна рабіў Макей. Чаму ён гэта робіць? Адказ просты. Захаваць уладу за сабой.

Канцэнтрацыя такой колькасьці хлусьні, якую мы пачулі за гэтыя некалькі гадзінаў, ашаламляльная. Як можна абвяргаць рэальнасьць, як можна хлусіць, як можна ня ўказваць на канкрэтныя факты злачынстваў улады ў дачыненьні да ўласнага народу і пры гэтым яшчэ і абвінавачваць у гэтым прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG