Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка даказваць што белае — гэта белае». У Менску вынесьлі прысуд айцішніку Андрэю Пазьняку


Андрэй Пазьняк
Андрэй Пазьняк

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску 5 лютага абвясьцілі прысуд 28-гадоваму айцішніку Андрэю Пазьняку. Яго абвінавацілі па крымінальным артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ), інфармуе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Алена Жывіца.

Андрэя Пазьняка затрымалі 11 жніўня на выхадзе з цырульні і даставілі ў Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Праз два дні, 13 жніўня, дзяржаўныя СМІ выпусьцілі відэасюжэт «Беспарадкі ў Беларусі: затрыманыя некалькі каардынатараў акцый пратэсту — яны даюць паказаньні», дзе паказалі Андрэя:

«Затрыманыя некалькі каардынатараў у сталіцы. Адзін з стратэгаў стыхійных акцый арганізаваў штаб на 17-м паверсе гасьцініцы „Беларусь“. Адтуль ён з трыма памочнікамі, як мяркуе сьледзтва, кіраваў сотнямі пратэстоўцаў. З падазраваным працуюць сьледчыя».

Адвакат Андрэя Павал Піваварчык настойваў, што відэа было запісана пасьля зьбіцьця і пад ціскам.

«Пасьля затрыманьня і дастаўленьня ў будынак ГУБАЗіК МУС на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3, некалькі чалавек яго зьбілі, потым уключылі відэакамэру і патрабавалі, каб ён прызнаўся, што арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Здымалі чатыры разы, кожны раз удакладнялі, што ён павінен сказаць. У выніку запісалі нейкія ролікі і больш ніякіх дзеяньняў зь ім не праводзілі».

19 жніўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Андрэя палітвязьнем і запатрабавала неадкладна яго вызваліць.

Абвінаваўца завіў, што віна Пазьняка паводле ч. 1 арт. 342 даказаная цалкам: Пазьняк у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся ў раёне стэлы; сьведкі пацьвердзілі яго ўдзел (Грышчанка, Філімонаў не дакладна, Самасюк); зьмякчальных і абцяжарваючых абставін не ўстаноўлена.

Пракурор папрасіў прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму, залічыць пры гэтым тэрмін знаходжаньня пад сьледзтвам, спагнаць сумы выдаткаў на экспэртызы, арышт з аўтамабіля зьняць.

Адвакаты зьвярнулі ўвагу на грубыя працэсуальныя парушэньні. У матэрыялах апэратыўна-вышуковай дзейнасьці — санкцыя на праслухоўваньне тэлефона ад 11 жніўня, а само праслухоўваньне пачалося раней. Усе доказы, якія прагучалі ў судзе, недапушчальныя. Відэазапіс зроблены з парушэньнямі. Множныя цялесныя пашкоджаньні ў Пазьняка зафіксаваныя толькі праз 20 дзён. Таму Андрэй Пазьняк павінен быць апраўданы.

Судзьдзя Алена Жывіца абвясьціла прысуд: тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Андрэя Пазьняка адпусьцілі з-пад варты да ўступленьня прысуду ў сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG