Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеру Паўлу Сьпірыну прысудзілі 4,5 года калёніі

абноўлена

Павал Сьпірын
Павал Сьпірын

У Менскім гарадзкім судзе сёньня абвешчаны прысуд 36-гадоваму блогеру Паўлу Сьпірыну.

Яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць блогера Паўла Сьпірына 4 з паловай гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Паўлу Сьпірыну прад’явілі абвінавачаньне за два відэаблогі на ютубe. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі, які занесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў над мірнымі дэманстрантамі.

Паўла Сьпірына трымалі ў клетцы, пад аховай шасьці супрацоўнікаў міліцыі. На пачатку працэсу блогер адмовіўся ад адваката. Разглядала справу судзьдзя Дзіна Кучук.

У апошнім слове 1 лютага Павал Сьпірын сказаў, што ягоныя відэа — «гэта проста жорсткая, але крытыка».

«Напрыклад, газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае ў разы больш жорсткую крытыку, чым я, заклікаючы адбіраць у пратэстоўцаў зь сем’яў дзяцей, параўноўваючы іх з фашыстамі і асобамі, якія ў вайну 41-га году адбіралі ў малалетніх дзяцей кроў, — сказаў блогер. — І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальваньні варожасьці не абвінавачвае, гэта лічыцца проста жорсткай крытыкай».

Павал сказаў, што ў яго забралі ўсё: свабоду, магчымасьць юрыдычна дапамагаць людзям, маці, жонку, малалетняга сына. Яго затрымалі ў верасьні мінулага году і шосты месяц не дазваляюць спатканьняў з блізкімі, ён прайшоў «максымум прыніжэньняў».

Жонка Паўла Сьпірына Ірына
Жонка Паўла Сьпірына Ірына

Маці Паўла Сьпірына Тацяна Васілеўна сказала пасьля прысуду, што для яе галоўнае, каб сын «вытрымаў усё гэта, каб Бог дапамог».

Тацяна Сьпірына
Тацяна Сьпірына

«Спадзяюся, што пераможа нейкі розум чалавечы, бо дапамагаў жа людзям, стараўся, зрабіў такую працу, дык рабіце высновы: выратоўвайце людзей, дзетак», — сказала яна.

Тацяна Сьпірына — пэнсіянэрка, раней працавала ў менскім канструктарска-тэхналягічным бюро. Бацькі ў яе вайскоўцы, дзед, які выхоўваў Паўла, прайшоў дзьве вайны.

Васіль Бельмач, які выступіў сьведкам на працэсе, сказаў, што прысуд Паўлу Сьпірыну, на ягоны погляд, «звышжорсткі», папярэдняе і судовае сьледзтва мела «абвінаваўчы ўхіл».

«Згодна з Канстытуцыяй краіны кожны грамадзянін мае права выказваць сваю думку, сярод іншага і крытыку. Лукашэнка, праводзячы нараду аб пытаньнях барацьбы з наркагандлем, крытычна выказаўся ў адрас МУС. Павал Сьпірын дакладна з такімі ж словамі выступіў у блогу. Аказваецца, Лукашэнку можна гаварыць, а блогеру Сьпірыну паўтарыць словы Лукашэнкі нельга. А чаму нельга?» — сказаў Васіль Бельмач.

Паводле Бельмача, усё абвінавачаньне пабудавана на лінгвістычнай экспэртызе, і экспэрты спаслаліся на тэкставы варыянт відэаблогу, але ў матэрыялах справы гэтага тэксту няма.

«Калі мы ня можам выказваць сваю думку, ня можам выказвацца крытычна, пра якую дэмакратыю можа ісьці гаворка ў нашай дзяржаве? Калі нічога нельга сказаць? За тое, што выказваюць сваю думку, людзі атрымліваюць 4,5 года рэальнага пазбаўленьня волі».

Васіль Бельмач — у мінулым супрацоўнік праваахоўнай структуры, старшы памочнік беларускага вайсковага пракурора, цяпер у адстаўцы.

«Я ведаю, што такое пазбаўленьне волі, што такое прысуд. Але ў гэтым выпадку прысуд звышжорсткі», — сказаў ён

Каго раней судзілі паводле 130-га артыкула?

У 2018 годзе Менскі гарадзкі суд асудзіў беларускіх аўтараў Regnum, Lenta.ru и EADaily Сяргея Шыптэнку, Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады. Суд прызнаў іх вінаватымі ў наўмысных дзеяньнях, накіраваных на распальваньне нацыянальнай варожасьці, учыненых групай асобаў, паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Усе трое да таго часу правялі за кратамі 14 месяцаў і былі вызваленыя ў залі суду з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

У сваіх артыкулах яны называлі Беларусь «недадзяржавай».

У 2016 годзе рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс быў асуджаны Менскім гарадзкім судом на 1 год 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Яго вызвалілі ў судзе з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

Пальчыса прызналі вінаватым у распальваньні нацыянальнай варожасьці паводле ч. 1 арт. 130 (за 9 публікацый на сайце) і распаўсюдзе парнаграфіі (за два каляжы) паводле ч. 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу. Па першым ён атрымаў год абмежаваньня волі, па другім — год і дзевяць месяцаў. Выніковы тэрмін атрымаўся шляхам паглынаньня больш строгім абвінавачаньнем менш строгага.

Пальчыс публікаваў матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG