Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6 гадоў зьняволеньня. Пяць чалавек пакаралі за пашкоджаньне аўтамабіля жонкі міліцыянта


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

У сваіх выступах у судзе мужчыны ня выключылі, што ў іхнай групе былі міліцыянты.

Суд Менскага раёну 3 лютага вынес прысуды ў крымінальнай справе супраць пяці мужчын, якіх затрымалі 29 верасьня ў Баравой. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджаньні аўтамабіля жонкі міліцыянта, піша «Вясна».

У пратаколе гаворыцца, што пяць падазраваных «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзьвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Крымінальная справа кваліфікаваная паводле ч. 2 арт. 339 КК «злоснае хуліганства». Матэрыяльная шкода машыне склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры ператрусах у іх дамах і машынах пасьля затрыманьня.

Судзьдзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды:

  • 31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву — ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеяньні з прадметамі, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў) — 3 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку — ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеяньні з халоднай зброяй) — 2 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку мэтро Арцёму Анішчуку — ч. 2 арт. 339 — 2 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нячыпару — ч. 2 арт. 339 — 3 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 39-гадоваму трэнэру ў каратэ Антону Быкоўскаму — ч. 2 арт. 339, арт. 329 (Незаконны пасеў расьлін альбо грыбоў, якія зьмяшчаюць наркатычныя сродкі), ч. 1 арт. 328 (Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў) — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама мужчыны мусяць выплаціць 1000 рублёў па пазове супрацоўніка МУС Аляксандра Гейца, якога суд прызнаў пацярпелым, і маральную шкоду на суму 3000 рублёў.

У судзе мужчыны паведамлялі, што ў пашкоджаньні аўтамабіля і пры затрыманьні прысутнічала каля дзевяці чалавек, але на лаве падсудных апынуліся толькі пяць. У матэрыялах справы іншыя фігуравалі як «неустаноўленыя асобы» ці наогул адсутнічалі. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі сілавых органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG