Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётар Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта ўладам патрэбны Ўсебеларускі народны сход, і разважае, ці будзе ўлада павялічваць рэпрэсіі, ці іхны пік ужо прайшоў.
Сьцісла
- Чым больш чалавека запалохваеш, маніпулюеш ягоным інстынктам самазахаваньня — тым мацнейшая матывацыя вырвацца з-пад такога прэсінгу.
- У Беларусі да гэтага часу няма прыкметаў глыбокага ўнутранага грамадзкага канфлікту
- Стаўка на тое, што рэжыму ўдасца даволі доўга ўтрымліваць уладу, вельмі слабая
- Фон «глыбокай інтэграцыі» — спрыяльны для захопу Расеяй беларускіх прадпрыемстваў.
— Які сэнс і значэньне надаюць улады Ўсебеларускаму народнаму сходу (УНС)? Апошнія тыдні гучалі меркаваньні, што ён можа стаць ледзь не дзяржаўным пераваротам, што менавіта гэтай структуры будуць перададзеныя значныя ўладныя паўнамоцтвы. Але выглядае, што радыкальны сцэнар наўрад ці адбудзецца. Чаго тады чакае ўлада ад гэтага «мерапрыемства»?
— Агулам варта сказаць, што Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне ня маюць яснай стратэгіі, як дзейнічаць у будучыні. Яны дзейнічаюць вельмі сытуатыўна, як тактыкі, у залежнасьці ад сытуацыі.
Тое самае тычыцца УНС. Бачныя ваганьні наконт таго, што рабіць, які сэнс надаць гэтаму сходу. У выніку атрымліваецца, што гэта будзе мець проста цырыманіяльнае значэньне. Але я падазраю, што разглядаецца спроба надаць УНС нейкую форму легітымацыі. Улады моцна апякліся на «выбарах», на спробе пацьвердзіць Лукашэнкава права на кіраваньне шляхам імітацыі выбараў. І гэта вельмі кепска атрымалася падчас апошніх выбараў.
Таму разглядаецца магчымасьць надаць гэтым Сходам нейкую форму легітымацыі ўлады. Прэцэдэнты ў гісторыі ёсьць. Кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі амаль 40 гадоў кіраваў краінай такім шляхам, без парлямэнцкіх структураў.
— Лукашэнка ўвесь час свайго праўленьня ўсё ж прытрымліваўся фармальных прыкметаў сучаснай формы кіраваньня — ёсьць «парлямэнт», ёсьць «выбары». Няўжо шок ад падзеяў жніўня 2020 году, калі ён прайграў выбары, атрымаўшы відавочную меншасьць — настолькі моцны, што ён разглядае магчымасьць увогуле пазбавіцца ад такіх непрыемных працэдураў? «Парлямэнт» у беларускай сыстэме ўлады і так пятае кола, калі ён зьнікне, ніхто не заўважыць. Што замінае Лукашэнку ўсё гэта скасаваць — міжнародная рэакцыя, нейкія ўласныя перакананьні?
— Вядома, можна ўсё гэта скасаваць, але паўстае пытаньне, што ўзамен. Якая-небудзь форма легітымацыі абавязкова мусіць быць. Калі скасоўваем выбары, то якім чынам адказаць на пытаньне (ня толькі перад народам, але і перад чыноўнікамі, сілавікамі) — «на якой падставе менавіта гэты кіраўнік ажыцьцяўляе ўладу?»
Пэўнай формай легітымацыі магло б быць тое, што ўлада гарантуе эканамічны рост. Нейкі аналяг Кітаю, дзе кіраўніцтва камуністычнай партыі не атрымлівае ўладу шляхам усенародных выбараў, але яны сваёй палітыкай дазваляюць эканоміцы краіны расьці і разьвівацца. У Беларусі найбліжэйшыя гады будуць вельмі цяжкія ў эканамічным пляне, таму праблему легітымнасьці ўлады эканоміка толькі абвастрае.
— Адчуваючы сваю нелегітымнасьць, у адказ улада пашырае рэпрэсіі, кожны дзень мы бачым новыя жорсткія прысуды. Адны назіральнікі заяўляюць, што рэпрэсіі будуць толькі пашырацца, бо ўлада будзе помсьціць усім, хто выступіў супраць яе. Іншыя сьцьвярджаюць, што пік рэпрэсіяў ужо прайшоў, і аб’ектыўна яны будуць зьніжацца.
— Псыхалягічны момант, безумоўна, прысутнічае. І сам Лукашэнка, і некаторыя людзі зь ягонага атачэньня вельмі моцна раззлаваныя тым, што адбылося ў жніўні, калі яны былі сапраўды спалоханыя. Яны разьлічваюць рэпрэсіямі пацыфікаваць (супакоіць, скарыць, заглушыць. — РС) грамадзтва. Гэта адзін з частых, добра правераных мэтадаў, стаўка на інстынкт самазахаваньня. Але чым больш чалавека запалохваеш, маніпулюеш ягоным інстынктам самазахаваньня — тым мацнейшая матывацыя вырвацца з-пад такога прэсінгу.
Ціск і зацісканьне спружыны дае кароткатэрміновы эфэкт. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не працуе, бо трэба ўсё больш інвэставаць у сыстэму рэпрэсіяў, а не ў эканоміку і разьвіцьцё.
— Разам з тым Лукашэнка праводзіць сустрэчы з рознымі пластамі грамадзтва — мэдыкамі, студэнтамі, рабочымі. Здавалася б, навошта — калі ён «прэзыдэнт АМАпу»? Няўжо ён спадзяецца неяк вярнуць электаральную прывабнасьць, спадзяецца зноў спадабацца беларусам?
— Любая ўлада, нават аўтарытарная, мусіць рабіць спробу дамаўляцца з рознымі слаямі грамадзтва. Розьніца можа быць толькі ў тым, на што робіцца большая стаўка: на рэпрэсіі ці на «кааптацыю» — дамоўленасьць, пераконваньне. Лукашэнка спрабуе, як можа, выкарыстоўваць і другі спосаб. Цяжка сказаць, ці можа ён такім спосабам заваяваць нейкія слаі грамадзтва. Для гэтага трэба было б як мінімум расьсьледаваць частку злачынстваў сілавікоў — але гэта таксама нясе для яго даволі вялікія рызыкі.
У выніку можна сказаць, што Лукашэнка робіць нейкія спробы пераканаць частку грамадзтва, але беларуская рэпрэсіўная машына настолькі моцная, што яна не кампэнсуе ягоныя іміджавыя страты.
— Лукашэнка сустракаецца з рознымі пластамі грамадзтва, а ў гэтыя ж дні сілавікі хапаюць людзей, якія проста гуляюць на праспэкце Незалежнасьці, і даюць суткі ў турме пэнсіянэрам. Як грамадзтва можа ўспрымаць такія рознанакіраваныя мэсыджы?
— У выпадку Беларусі да гэтага часу няма прыкметаў глыбокага ўнутранага грамадзкага канфлікту. Большасьць беларускага грамадзтва супраць рэжыму Лукашэнкі, каля паловы грамадзтва падтрымлівае бел-чырвона-белы сьцяг. У гэтай сытуацыі стаўка на тое, што рэжыму ўдасца даволі доўга ўтрымліваць уладу, вельмі слабая. Грамадзтва вельмі хутка можа паразумецца, праявіць салідарнасьць, як гэта было ўлетку і ўвосень 2020 году. Стаўка на тое, што грамадзтва пачне грызьці адзін аднаго, сварыцца паміж сабой — не апраўдаецца, у Беларусі такіх перадумоваў няма.
— Дзьмітры Мядзьведзеў зноў загаварыў пра інтэграцыю, пра пажаданасьць адзінай валюты, што выклікала занепакоеныя камэнтары ў Беларусі. Ці лічыце вы гэта чарговымі рытарычнымі словамі, якія не нясуць істотнай практычнай нагрузкі? Ці Масква сапраўды нагадвае Лукашэнку, што ён не выконвае дадзеныя ёй абяцаньні?
— Калі зьяўляецца патрэба гаварыць пра Беларусь, то ёсьць пэўны набор дзяжурных фразаў, якія Крэмль рэгулярна паўтарае. «Канфлікт у Беларусі — гэта іхняя ўнутраная справа», «інтэграцыя — тое, чаго жадаюць народы Беларусі і Расеі», і гэтак далей.
Незалежна ад таго, як часта гучаць такія фразы — што мы ведаем пра інтэнцыі Крамля адносна Беларусі? Нядаўні даклад Атлянтычнай Рады моцна паказаў, што намеры Крамля і калякрамлёўскіх бізнэсоўцаў займець, скупіць асноўныя беларускія вытворчасьці — нафтаперапрацоўчыя, «Гродна Азот», «Беларускалій» — вельмі сур’ёзныя. Фон «глыбокай інтэграцыі» — спрыяльны для такіх дзеяньняў. Шанцы на тое, што гэта адбудзецца, ня вельмі вялікія. Але рызыка ёсьць.