Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта Вінакурава за заклік да страйку асудзілі на тры гады «хіміі». Відэа, фота

абноўлена

Арцём Вінакураў
Арцём Вінакураў

Студэнту Арцёму Вінакураву суд прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да адпраўкі на «хімію» яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Судзьдзя Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава вынесла прысуд Арцёму Вінакураву, якога абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК).

За тры дні працэсу выступілі 23 сьведкі — студэнты, выкладчыкі, дэкан і супрацоўнік Дэпартамэнту аховы. Толькі дэкан Леанід Шылін і выкладчыца гісторыі Юлія Літвіноўская пазналі, што менавіта Вінакураў заходзіў 26 кастрычніка ва аўдыторыі з заклікам далучацца да страйку. У якасьці сьведак чамусьці запрасілі і старасту групы, дзе вучыўся Арцём, якая наагул у той дзень адсутнічала на занятках, і выкладчыка эканомікі, на сэмінар якога заходзілі зусім іншыя «нявызначаныя асобы».

Сваю віну Арцём Вінакураў прызнаў толькі ў тым, што 26 кастрычніка перашкаджаў правядзеньню вучэбнага працэсу. Алё ён адмаўляе віну ў арганізацыі групавых дзеяньняў.

«Я перашкаджаў правядзеньню заняткаў. Я лічыў страйк перадусім мірным спосабам адстойваньня і данясеньня поглядаў і думак максымальнай колькасьці людзей, студэнтаў адносна іх пытаньняў. І чым большая колькасьць грамадзян выказалі б свае думкі, тым больш здавальняючае было б вынесена рашэньне», — патлумачыў Арцём.

А вось абвінавачаньня ў арганізацыі групавых дзеяньняў Арцём не прызнаў.

Памочнік пракурора Савецкага раёну Раман Чабатароў сьцьвярджаў, што Вінакураў наўмысна разам зь нявызначанымі асобамі ў мэтах зрыву вучэбнага працэсу арганізаваў і браў удзел у групавых дзеяньнях, заклікаў студэнтаў пакінуць заняткі, удзельнічаць у несанкцыянаваных мітынгах; выкрыкваў лёзунгі. На заклікі дэкана і ахоўніка не рэагаваў. Гэта, маўляў, прывяло да частковага зрыву вучэбнага працэсу і недаатрыманьня ведаў студэнтамі.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў 3 гады «хіміі» — з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адвакат Андрэй Доўнар падчас судовых спрэчак настойваў на тым, што пераканаўчых доказаў ў арганізацыі групавых дзеяньняў на працэске не прагучала.

«Адзіны, з кім кантактаваў Вінакураў, — карыстальнік тэлеканалу зь нік-нэймам „Лік“.

Калі Вінакураў прыйшоў ва ўнівэрсытэт, студэнты ўжо сабраліся. Ён пайшоў не наперадзе, а часьцяком у сярэдзіне ці канцы калёны. Пасьля абыходу аўдыторый нікога не інфармаваў, як прайшла акцыя, справаздачы не трымаў. Падбору ўдзельнікаў, арганізацыі, вызначэньня лідэра і гэтак далей не было. А 10-й Вінакураў сышоў з унівэрсытэту, а студэнты працягвалі акцыю на ганку БДУІР ужо безь яго», — кажа адвакат Андрэй Доўнар.

Матэрыяльнай шкоды ўнівэрсытэту Вінакураў не нанёс, матэрыял студэнтам выкладчыкі данесьлі. Ніякіх наступстваў для студэнтаў не было — усе здалі сэсію.

У апошнім слове Арцём Вінакураў віну прызнаў. Кажа, што за 3 месяцы пад вартай шмат што зразумеў і ўсьвядоміў. Папрасіў даць яму шанец вярнуцца ва ўнівэрсытэт працягнуць вучобу.

«Віну прызнаю. Разумею, што мае дзеяньні ўскладнілі жыцьцё мне, маім бацькам, прымусілі іх хвалявацца, перажываць. Прыношу прабачэньні бацькам. Хачу прынесьці прабачэньні таксама выкладчыкам і студэнтам — калі я перашкодзіў правядзеньню заняткаў ці іх пакрыўдзіў.

Прашу даць мне шанец», — сказаў у апошнім слове Арцём Вінакураў.

Арцёма Вінкурава вызвалілі пад падпіску ў залі суду
Арцёма Вінкурава вызвалілі пад падпіску ў залі суду

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG