Справу разглядае судзьдзя Алена Жуковіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Настасься Маліка. Пацярпелыя — кіроўцы тралейбуснага парку № 4 Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка, сьлесар-электрык той жа ўстановы Сяргей Лізгірда, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
28 студзеня адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурорка ўпэўнена, што дзеяньні Дзьмітрыя Дубкова былі неправамернымі, што ён разумеў, што ўдзельнічаў у масавых беспарадках, а калі пакідаў машыну, сьцёр свае адбіткі пальцаў: значыць, яго дзеяньні былі наўмысныя. Злачынства, паводле яе кваліфікацыі, учыніла група асобаў па «раптоўна ўзніклай папярэдняй змове».
Малікава палічыла віну Дубкова даказанай і папрасіла абвінавачанаму пакараньне па сукупнасьці двух артыкулаў — 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і задаволіць пазоў 21 861 рубель у поўным аб’ёме.
Адвакат лічыць кваліфікацыю справы няслушнай: ніводзін пацярпелы ня бачыў гвалту, пагроза гвалту і папярэдняя змова не даказаныя. Апошняе пацьвярджае тое, што кіроўцу гукалі з натоўпу, а значыць, папярэдняе разьмеркаваньне роляў адсутнічае. Дзьмітры Дубкоў нічога ня зьнішчыў, не стварыў ніякіх пагроз, а перашкоды на дарозе не зьяўляюцца кваліфікацыйнай прыкметай па гэтым артыкуле. Таму адвакат лічыць магчымым перакваліфікаваць справу на арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Таксама абаронца лічыць, што пазоў не належыць задавальняць. Трамвайныя маршруты, пералічаныя там, вуліцай Прытыцкага не праходзяць. Тым больш што пацярпелыя ня маюць прэтэнзій да яго падабароннага. У сувязі з гэтымі фактамі ён папрасіў пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.
Дзьмітры Дубкоў — 29-гадовы дальнабойнік. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай з 15 жніўня.
Апошняе слова палітвязьня падсуднага прагучыць 2 лютага ў 10.30.