Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над блогерам Сьпірыным зачытваюць камэнтары з Youtube


Блогер Павал Сьпірын
Блогер Павал Сьпірын

У Менскім гарадзкім судзе трэці дзень судзяць 36-гадовага блогера Паўла Сьпірына.

За што судзяць блогера?

Паўла Сьпірына абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

Падставай сталі фільм «Грань» (занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) пра наркагандаль у Беларусі і блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі».

Сьведка пракамэнтаваў іншага карыстальніка пад блогам Сьпірына

Сёньня ў судзе вывучылі 4 тамы справы блогера і дапыталі аднаго сьведку — Яўгена Глузава.

Глузаў — стралок ваенізаванай аховы беларускай чыгункі. Ён сказаў, што бачыў кавалак фільма «Грань», дзе гаворыцца, што маладым людзям па 328 артыкуле даюць надта вялікія тэрміны пакараньня, а можна было б меншыя, калі б дазваляў закон. У гэтым кантэксьце, паводле сьведкі, была крытыка МУС.

Сьведка пакінуў пад фільмам камэнтар, які тычыўся не самога фільму, а камэнтара іншага карыстальніка.

«Той карыстальнік напісаў, што міліцыя робіць мала захадаў для барацьбы з наркатызацыяй грамадзтва. Я пакінуў камэнтар: прадстаўце доказы таго, што вы сказалі. Я напісаў, зыходзячы з інфармацыі, якую маю з афіцыйных крыніцаў, што міліцыя робіць пэўныя захады для барацьбы», — сказаў сьведка.

Павал Сьпірын у судзе
Павал Сьпірын у судзе

Дзяржаўны абвінаваўца спытаўся пра фільм: ён «створаны з пазытывам, ці там у большай ступені выказваецца нэгатыў»?

«Я не магу выказаць сваё меркаваньне, бо гэты ролік не глядзеў цалкам», — сказаў Глузаў.

Камэнтароў пад фільмам сьведка не чытаў. Судзьдзя, аднак, спытала, ці быў там нэгатыў да пракурорскіх работнікаў, пракуратуры, судоў, супрацоўнікаў МУС. Сьведка сказаў, што ня можа прыгадаць такія выказваньні, там некалькі тысяч камэнтароў, і паглядзець іх нерэальна.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў зачытаць ранейшыя паказаньні сьведкі з прычыны супярэчнасьцяў — маўляў, сьведка казаў пра крытыку МУС, якая ёсьць у роліку. Сьведка адказаў, што гэтую інфармацыю ён памятае са слоў сьледчага.

«Так, узьнікла пытаньне пра „крышаваньне“ наркагандлю, на што я сказаў, што ў кожнай чарадзе можа знайсьціся паршывая авечка».

У зачытаных паказаньнях сьведка казаў, што ён дапускае, што супрацоўнікі міліцыі робяць злачынствы, аднак уся сыстэма ня можа займацца наркагандлем і «крышаваць» наркабізнэс.

Паводле сьведкі, у сувязі з гэтым яму «не спадабаўся камэнтар чалавека, які нэгатыўна адазваўся пра ўсю сыстэму МУС».

Менскі гарадзкі суд
Менскі гарадзкі суд

33 камэнтары карыстальнікаў зь некалькіх тысяч

Сярод іншых матэрыялаў да справы далучана табліца са скрыншотамі 33 камэнтароў карыстальнікаў да блога «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм». Дзяржаўны абвінаваўца зачытаў іх у судзе.

Павал Сьпірын зьвярнуў увагу суду, што далучаныя скрыншоты толькі 33 камэнтароў з трох тысячаў.

«Гэта падборка з гледзішча МУС і Сьледчага камітэту. 33 камэнтары ня могуць адлюстроўваць сутнасьць тысяч камэнтароў», — сказаў ён.

«Ніводзін дэпутат, пракурор, судзьдзя з прэтэнзіямі не зьвяртаўся»

Адказваючы на пытаньні дзяржаўнага абвінаваўцы, Павал Сьпірын патлумачыў, чаму скарыстаў у фільме «Грань» відэашэраг з расейцам Віталём Калоевым, які забіў авіядыспэтчара пасьля крушэньня самалёта, у якім загінулі яго сваякі.

Паводле блогера, ён хацеў паказаць, што «ні ў якім разе нельга даводзіць людзей да адчаю».

«Трэба працаваць зь імі і рабіць так, каб заўсёды захоўвалася законнасьць, каб былі захаваныя інтарэсы ўсіх удзельнікаў крымінальнага працэсу», — сказаў блогер.

Паводле Сьпірына, у фільме ён не заклікаў рабіць як Калоеў.

«Я проста прывёў гэты страшны прыклад як узор таго, як нельга рабіць».

Дзяржаўны абвінаваўца спытаўся, чаму відэаблогер указвае, што неабходна ўваходзіць у жылыя дамы судзьдзяў, пракурораў, дэпутатаў, а не зьвяртацца да іх па месцы працы.

«Да мяне прадстаўнікі дзяржорганаў дадому прыходзяць пастаянна, асабліва супрацоўнікі органаў унутраных спраў, каб узаемадзейнічаць па апублікаваных мной відэа. Мы размаўляем, я пішу тлумачэньні, — сказаў блогер. — Да мяне дадому пастаянна прыходзяць людзі як да старшыні ЖСПК па параду, каб задаць пытаньні, напісаць заявы. Мае дзьверы заўсёды адчыненыя».

Паводле Сьпірына, чыноўнік павінен разумець, што ён пастаянна на віду, асабліва гэта тычыцца дэпутатаў, «гэта чалавек, які фактычна ня мае асабістага жыцьця». Таму ісьці ў іх дамы блогер палічыў «найбольш эфэктыўным спосабам».

«Ніводзін дэпутат, пракурор, судзьдзя са скаргамі на падобныя прапановы да мяне не зьвяртаўся. І гэтак жа з прэтэнзіямі па фільму. Ніхто не патрабаваў гэты фільм выдаліць альбо неяк яго памяняць».

Сьпірын сказаў, што ствараў свае блогі, каб несьці дакладную інфармацыю, а таксама свае асабістыя перакананьні, якія нікому не навязвае.

Ён хацеў, каб у гледачоў фільму «Грань» фармавалася стаўленьне, што наркотыкі катэгарычна нельга ўжываць, распаўсюджваць, што яны — зло. Сваю крытыку на адрас чыноўнікаў Сьпірын назваў абгрунтаванай.

«Дэкрэт у 2014 годзе быў прыняты сырым. І атрымліваецца — высакародная мэта процідзеяньня гандлю наркотыкамі ператварылася ў пагоню за зоркамі і статыстыкай».

Сьпірын сказаў, што не спрабаваў выклікаць у гледачоў адмоўную рэакцыю адносна дзяржаўных органаў, а стараўся, каб захоўваліся інтарэсы бальшыні грамадзян. Ён імкнуўся, каб людзі пачулі адзін аднаго.

«Прымаючы на сябе генэральскія зоркі, трэба найперш усьведамляць адказнасьць, што такі генэрал паўсюль будзе падвяргацца звышкрытыцы, у тым ліку жорсткай. І крытыку трэба ацэньваць так, каб яна не перашкаджала працы. Трэба мець устойлівую псыхіку, пагаджаючыся на такую працу. А калі чалавек крыўдзіцца на крытыку, то ён, магчыма, не павінен займаць такую пасаду».

Адказваючы на пытаньне дзяржаўнага абвінаваўцы, Сьпірын сказаў, што ні ў якім разе не спрабаваў падахвоціць гледачоў да гвалтоўна-агрэсіўных дзеяньняў адносна чыноўнікаў.

«Бо кроў нараджае заўсёды толькі кроў. А калі яшчэ гэта кроў праліваецца несправядліва, то ў адказ праліваецца яшчэ больш крыві. Нельга знайсьці кансэнсус шляхам гвалту і крыві, заўсёды павінен быць дыялёг, нават у самых складаных сытуацыях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG