Паліцэйскія выбачыліся перад жыхаркай Пецярбургу, якую супрацоўнік сілавых структур моцна ўдарыў у жывот падчас акцыі пратэсту. Маргарыта Юдзіна пасьля ўдару трапіла ў рэанімацыю, яна дагэтуль у цяжкім стане. «Гэта ня нашы мэтады», — заявілі ў пецярбурскай паліцыі, піша выданьне Baza.
У суботу пасьля інцыдэнту да жанчыны прыйшоў палкоўнік Сяргей Музыка, начальнік Управы арганізацыі аховы грамадзкага парадку. Некалькі разоў ён папрасіў прабачэньня ад імя ўсяго асабістага складу, паабяцаў разабрацца і пакараць вінаватых, а таксама сказаў, што гатовы надаць любую дапамогу.
Пры гэтым крыўдзіцеля Юдзінай дагэтуль не знайшлі.
Напярэдадні ў Расеі больш як у 100 гарадах прайшлі маніфэстацыі супраць праўленьня Ўладзіміра Пуціна, якое доўжыцца ўжо 20 гадоў, людзі патрабавалі вызваленьня апазыцыянэра Аляксея Навальнага і іншых палітвязьняў. Акцыя ў Санкт-Пецярбургу, у якой удзельнічала і Юдзіна, стала другой па маштабах пасьля Масквы. У расейскіх пратэстах бралі ўдзел і беларусы, у некаторых гарадах расейцы ў знак салідарнасьці скандавалі «Жыве Беларусь!» і прыносілі бел-чырвона-белыя сьцягі.