Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Times паведаміла аб плянах адмяніць летнюю Алімпіяду. Японія гэта адмаўляе


Улады Японіі прыйшлі да высновы, што з прычыны пандэміі Алімпійскія гульні ў Токіё прыйдзецца адмяніць. Пра гэта піша выданьне Times са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе краіны.

Паводле слоў крыніцы, рашэньне аб адмене Гульняў, якія раней ужо былі перанесеныя на год праз сытуацыю з каранавірусам, ужо прынятае, і японскія ўлады цяпер шукаюць спосаб паведаміць пра гэта сьвету, «захаваўшы твар». «Ніхто ня хоча гаварыць пра гэта першым, але ўсе сыходзяцца ў меркаваньні, што [правесьці Алімпіяду] будзе занадта складана», — сказала крыніца выданьню. Паводле яе, на такое рашэньне паўплывала зімовая хваля пандэміі.

Намесьнік галоўнага сакратара японскага ўраду Манабу Сака заявіў, што «катэгарычна абвяргае» гэтую публікацыю, бо яна не адпавядае рэчаіснасьці. У той жа час ён адзначыў, што японскі ўрад улічвае сытуацыю за мяжой і ў нейкі момант прыме канчатковае рашэньне аб спаборніцтвах. Пакуль жа Токіё працягвае рабіць усё неабходнае для правядзеньня Алімпіяды летам 2021 году.

Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах таксама заявіў, што арганізацыя не плянуе адмяняць Алімпійскія гульні ў Токіё.

Летнія Алімпійскія гульні ў Токіё павінны былі прайсьці летась з 24 ліпеня па 9 жніўня. Іх перанесьлі на лета 2021 года. Аднак Алімпіяда захавае ранейшы назоў «Токіё-2020», у першую чаргу з фінансавых меркаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG