Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыне, якая расьпісала шчыты амапаўцаў, далі 2 гады, хлопцу — 1,5 года. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Софʼя Малашэвіч (у цэнтры)
Софʼя Малашэвіч (у цэнтры)

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў 2 гады пазбаўленьня волі для Соф’і Малашэвіч шляхам складаньня пакараньня за тры артыкулы, і паўтара года для Ціхана Клюкача, у якога засталося абвінавачаньне толькі паводле аднаго артыкула.

18-гадовыя Соф’я Малашэвіч і Ціхан Клюкач у 2020 годзе паступілі ў берасьцейскі каледж бытавога абслугоўваньня.

6 верасьня Соф’я загітавала Ціхана паехаць у Менск на марш. Каля палаца Незалежнасьці Соф’я расьпісала фарбай з балёнчыка шчыты амапаўцаў і сыстэму «Рубеж», танцавала, а Ціхан здымаў гэта на відэа. У выніку Ціхана затрымалі, а Соф’я сама паехала ў Цэнтральнае РУУС вызваляць Ціхана.

Пазьней абаіх выключылі з каледжа, завялі крымінальную справу. Соф’ю Малашэвіч абвінавацілі ў злосным хуліганстве (частка 2 артыкула 339 КК) і ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342). Акрамя таго, выставілі абвінавачаньне ў публічнай абразе прэзыдэнта (арт. 368) — за плякат на адной з акцый, які быў у яе руках. Ціхана спачатку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: 339-га (частка 2) і 342-га.

Праваабаронцы прызналі Соф’ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача палітзьняволенымі.

Ціхан асноўную віну ўзяў на сябе, Соф’я прасіла не караць яго турмой

Ціхан Клюкач
Ціхан Клюкач

Падчас сьледзтва асноўную віну Ціхан узяў на сябе: маўляў, ён наносіў фарбу на шчыты. На судзе хлопец сказаў, што «кожны прыстойны чалавек так бы зрабіў». Але МУС апублікавала відэа, якое зьняпраўджвае гэта.

Падчас суду пракурор зьняла абвінавачаньні Ціхана Клюкача паводле ч. 2 арт. 339, а таксама перакваліфікавала дзеяньні Соф’і з 2-й часткі артыкула 339 на частку 1.

Ціхан у апошнім слове папрасіў прабачэньня перад маці і бабуляй, што прынёс ім шмат гора, а таксама раскаяўся ў сваіх дзеяньнях.

У сваім апошнім слове Соф’я прасіла не караць Ціхана пазбаўленьнем волі.

«Я хацела б папрасіць суд не караць як мінімум Ціхана: яму проста спадабалася прыгожая дзяўчына і ён захацеў праводзіць мяне на мітынг.

Ён дзесяць тысяч разоў — я вам клянуся — угаворваў мяне адысьці ад загароды. Я думаю, двух месяцаў у СІЗА дастаткова, каб зразумець, што нікуды хадзіць ня трэба і да платоў падыходзіць таксама ня трэба. Я таксама адседзела два месяцы ў СІЗА і за гэты час зразумела, што турма ніяк ня выправіць чалавека, яна зробіць толькі горш... Я вам клянуся, што ён не заслугоўвае такога пакараньня», — эмацыйна казала Соф’я.

Сваю віну дзяўчына прызнала і папрасіла пакараць яе «хіміяй», бо мае хворую бабулю, якой 88 гадоў.

«Я ня буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасьце мне тэрмін, я магу ўжо ня ўбачыць бабулю. Можна нават даць „хімію“ з большым тэрмінам, чым просіце пазбаўленьня волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю», — казала 18-гадовая дзяўчына.

На 22 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 187 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG