Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштальёнку Ларысу Танкашкур, якая перадала ў чат зьвесткі сілавікоў, суд прыгаварыў да трох месяцаў арышту


Ларыса Танкашукр
Ларыса Танкашукр

Такое рашэньне агучыла сёньня судзьдзя Першамайскага суду Менску Тацяна Ліньнік.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Ларысу Танкашкур арыштам на тры месяцы паводле ч. 1 арт. 179. Ён папрасіў выключыць з абвінавачаньня сказ, што злачынства зроблена жанчынай «з матываў ідэалягічнай варожасьці», бо гэта не пацьвердзілася ў судзе. Абцяжлівай акалічнасьцю ён палічыў зьдзяйсьненьне злачынства групай асобаў з папярэдняй змовай, з матываў палітычнай варожасьці і ў дачыненьні асобаў, якія выконвалі службовыя абавязкі. Да ўступленьня прысуду ў сілу ён прасіў пакінуць меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

У чым абвінавацілі паштальёнку?

Супраць 56-гадовай жанчыны завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 179 («Незаконнае зьбіраньне і распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці») і ўжылі меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Былая паштальёнка перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выданьня МУС «На страже».

Пацярпелымі ў справе прызналі 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намесьнік начальніка раённага ДАІ і былыя міліцыянты.

У абвінавачаньні гаворыцца, што Ларыса Танкашкур, якая выдала зьвесткі падпісчыкаў-міліцыянтаў з картак дастаўкі выданьня МУС «На страже», дзейнічала з матываў «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй».

У першы дзень суду жанчына заявіла, што часткова прызнае сваю віну. Не прызнае абвінавачаньня ў тым, што распаўсюдзіла зьвесткі на глебе «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці». Яна сказала, што паведаміла зьвесткі «ня з мэтай пагрозаў міліцыянтам, а з мэтай дыялёгу», каб зь імі пагутарыць, каб людзей, якія зьбіраюцца ў мікрараёне, ня білі. «Думала, што гэтыя міліцыянты дапамогуць жыхарам Лебядзінага», — сказала жанчына.

13 пацярпелых далі паказаньні ў судзе. Некаторыя зь іх казалі, што ім кідалі ў паштовыя скрынкі ўлёткі з артыкулам 128 Крымінальнага кодэксу (Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва) альбо з тлумачэньнем, што такое катаваньні. Пацярпелыя казалі, што ня маюць матэрыяльных прэтэнзій да жанчыны, а пакараньне павінен вызначыць суд.

Адвакатка Альвіна Мінгазава назвала ўчынак падабароннай «эмацыйным». Паводле адвакаткі, пацярпелыя гаварылі пра маральную шкоду, але ня мелі ніякіх матэрыяльных прэтэнзій да Ларысы Танкашкур. Некаторыя казалі, што адчулі нэгатыўныя эмоцыі пасьля публікацыі іхных імёнаў і адрасоў, бо ім, маўляў, было страшна за сябе, сваю сям’ю і маёмасьць. Але калі няма даказанай шкоды, то няма і складу злачынства, таму паводле адвакаткі Ларысу Танкашкур трэба апраўдаць.

Жыхары мікрараёну накіравалі хадайніцтва ў суд, у якім яны просяць не караць паштальёнку, бо «ніхто не нанёс шкоды ніводнаму супрацоўніку міліцыі ў нашым раёне».

«Яна пашкадавала нас, заступілася за нас. Яна пашкадавала людзей чыста па-чалавечы», — гаворыцца ў хадайніцтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG