Бізнэс-часопіс Forbes апублікаваў сьпіс «стартапаў, за якімі трэба сачыць у 2021 годзе». Падборка зробленая з пэрспэктыўных праектаў, якія працуюць на расейскім рынку. Два з васьмі праектаў, якім прадракаюць бурны рост, стварылі беларусы.
Адзін з праектаў — праграма для здаровага сну Loóna, якую стварылі Сяргей Ганчар і Яўген Няўгень, вядомыя распрацаванай імі і пазьней прададзенай Facebook відэа і фота-сэлфі праграмай MSQRD. Камбінацыя візуальнага і гукавага шэрагу, гульняў, размалёвак, мэдытацыйнай музыкі і аўдыёгісторый у Loóna, згодна з задумай аўтараў, дапаможа карыстальніку хутка і спакойна заснуць.
Праграма выйшла на плятформе iOS на ангельскай мове яшчэ ў пачатку 2020 году. За год працы, па словах Няўгеня, Loóna сабрала ўжо «сотні тысяч карыстальнікаў», цяпер праект пачаў прыносіць грошы, дакладны прыбытак стваральнікі пакуль не раскрываюць. Інвэстарамі ў Loóna выступаюць самі заснавальнікі і шэраг вэнчурных фондаў і бізнэс-анёлаў.
Дзякуючы Loóna Ганчар і Няўгень з партнэрамі атрымалі тытул бізнэсоўцаў году на прэміі расейскай вэрсіі часопісу GQ «Человек года».
«Отдам за так» пачынаўся ў сацыяльных сетках, а ў мабільнай аплікацыі ролю грошай стала граць «карма» — так стваральнікі назвалі ўнутраную валюту, якая дазваляла кантраляваць раўназначны абмен рэчамі. Дзякуючы гэтаму кожны ўдзельнік можа браць столькі рэчаў, колькі аддае. Кожны новы карыстальнік атрымлівае тры «кармы» і адразу можа нешта забраць. Але дзеля пашырэньня сваіх магчымасьцяў у аплікацыі прапануецца пачаць удзел з аддаваньня рэчаў.
Каб аддаць рэч, карыстальнік дадае лоты і вызначае тэрмін — ад гадзіны да чатырох дзён. Іншыя ўдзельнікі з гэтага гораду бачаць рэч у стужцы і прапануюць за яе «карму», націскаючы кнопку «Забраць лот». Першы ахвотны прапануе 0 «кармаў», а кожны наступны — на адну «карму» больш.
«Отдам за так» стаў пераможцам міжнародных стартап-конкурсаў Minsk Venture Day і SeedStars, а ў канцы 2019 году трапіў у сусьветна вядомы аксэлератар Y Combinator. Заснавальнікі пераехалі ў Крамянёвую даліну, далі стартапу міжнародную назву GiveAway, спадзеючыся, што «Отдам за так» ператворыцца ў паўнавартасны міжнародны бізнэс.