Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўца, які раскідаў самарэзы каля будынкаў сілавых органаў, адправілі на «хімію»


Сяргей Базук
Сяргей Базук

50-гадовага магілёўца Сяргея Базука прызналі вінаватым у хуліганстве. Паводле сьледзтва, ён раскідаў самарэзы каля абласнога ўпраўленьня міліцыі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК ды Сьледчага камітэту.

Судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Аксана Ратнікава прысудзіла абвінавачанаму 1 год калёніі адкрытага тыпу. Яго вызвалілі ў судовай залі пад падпіску пра нявыезд.

Пратэставаў супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў

Віну Сяргей Базук прызнаў у поўным аб’ёме і раскаяўся. У апошнім слове гэта пацьвердзіў і зазначыў, што давярае рашэньню суду.

Паводле матэрыялаў справы, падсудны раскідаў самарэзы 26 кастрычніка ды 11 лістапада на службовых стаянках, што зафіксавалі камэры відэаназіраньня.

На судзе і сьледзтве Базук даводзіў, што такая ідэя прыйшла яму спантанна пасьля падзеяў 9 жніўня. Сваім учынкам ён выказваў пратэст супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, зьбіваньня сілавікамі грамадзян на мірных акцыях пратэсту, а таксама бязьдзеяньня сьледчых органаў, якія не прыцягваюць вінаватых у гвалце да крымінальнай адказнасьці. Па словах падсуднага, намераў дэстабілізаваць працу ведамстваў у яго не было, але ён хацеў, каб іхныя супрацоўнікі прабілі колы службовых машын.

Базука затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту 16 лістапада. У судзе сказаў, што паказаньні сьледзтву даваў добраахвотна, без прымусу.

Цану рамонту прабітага кола пацярпелы завысіў утрая

Паводле сьледзтва, на самарэзах Базука пашкодзіў сваю машыну супрацоўнік абласнога ўпраўленьня Дзяржкантролю Дзяніс Касталомаў. Ён напісаў заяву для працягненьня да крымінальнай адказнасьці вінаватага ў гэтым, а ў судзе заявіў, што настойвае на строгім пакараньні.

Сяргей Базук
Сяргей Базук

Рамонт прабітага кола Касталомаў ацаніў у 30 рублёў, але фактычныя затраты склалі 10. Завышаную цану ён абгрунтаваў выдаткамі на праезд да станцыі шынамантажу, расходам паліва і кампэнсацыяй маральнай шкоды.

30 рублёў ад імя абвінавачанага паштовым пераводам да разгляду справы адправіў адвакат пацярпеламу, але той заявіў у судзе, што іх не атрымліваў. У перапынку між пасяджэньнямі адвакат перадаў грошы гатоўкай.

Дзеяньні, скіраваныя на «пэўную дэзарганізацыю» працы ўстановаў правапарадку

Абвінавачаньне кваліфікавала дзеяньні Базука як грубае парушэньне грамадзкага парадку, дэманстратыўнае грэбаваньне агульнапрынятай культурай паводзінаў людзей, накіраваных на пашкоджаньне чужой маёмасьці і «пэўную дэзарганізацыю» працы адміністрацыйных і праваахоўных установаў.

Прадстаўнік пракуратуры заявіў, што «абставіны ўчыненьня абвінавачаным злачынства служыць для радыкальна настроеных грамадзян надзвычай адмоўным прыкладам» і прасіў суд пакараць Базука 1 годам і 6 месяцамі калёніі агульнага рэжыму.

Адвакат Сяргей Карытка на словы пракурора пакараць падабароннага паводле 1 часткі артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу пазбаўленьнем волі адрэагаваў тым, што ў сваёй практыцы такую прапанову чуе ўпершыню. Ён адзначыў, што артыкул прадугледжвае вялікі выбар альтэрнатыўных пакараньняў.

На яго думку, віна Базука трымаецца на сумнеўных доказах. Галоўным жа зьяўляецца прызнаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства самога падсуднага. Адвакат нагадаў: страты пацярпеламу кампэнсаваныя, а ў абвінавачанага ёсьць шэраг хранічных хваробаў. Ён прасіў суд пакараць падабароннага арыштам, які ён ужо адседзеў.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG