Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook выдаліў дзясяткі профіляў, зьвязаных з партыяй Парашэнкі і іншымі ўкраінскімі арганізацыямі


Сацыяльная сетка Facebook паведаміла аб выдаленьні ў сьнежні дзясяткаў профіляў, старонак і груп, зьвязаных з партыяй былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», а таксама арганізацыямі «Справа грамад» і «Антыкарупцыйны блёкпост».

27 уліковых запісаў, 37 старонак і 21 групу Facebook выдаліў пасьля таго, як выявіў іх сувязь з партыяй «Эўрапейская салідарнасьць» і ўкраінскай няўрадавай арганізацыяй «Справа грамад». У Instagram выдаленыя 13 акаўнтаў.

Выдаленьне з Instagram яшчэ 13 профіляў, 31 старонкі, шасьці груп у Facebook і трох акаўнтаў у сацыяльнай сетцы патлумачылі сувязьзю зь няўрадавай арганізацыяй «Антыкарупцыйны блёкпост».

Падставай для гэтага, як гаворыцца ў справаздачы, сталі «скаардынаваныя неаўтэнтычныя паводзіны», што разумеецца як «скаардынаваныя намаганьні для маніпуляваньня публічнымі абмеркаваньнямі», дзе «асноўнымі зьяўляюцца фэйкавыя акаўнты».

«Яны таксама распаўсюджвалі кантэнт з афіцыйных старонак палітычных партый і палітыкаў, ставілі лайкі і камэнтавалі пад тэкстамі іншых людзей, каб паказаць іх больш папулярнымі, чым яны ёсьць на самай справе. Сетка разьмяшчала паведамленьні на ўкраінскай і расейскай мовах пра навіны і палітыку ва Ўкраіне, уключаючы ўхвальныя камэнтары пра «Эўрапейскую салідарнасьць» і яе кандыдатаў, грамадзкую арганізацыю "Справа грамад", пятага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку і крытыку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Частка гэтага кантэнту была ацэненая мясцовымі фактчэкерамі як фальшывая», — гаворыцца ў справаздачы Facebook.

У партыі «Эўрапейская салідарнасьць» і грамадзкіх арганізацыях «Справа грамад» і «Антыкарупцыйны блёкпост» пакуль не пракамэнтавалі гэтае рашэньне сацыяльнай сеткі.

Выдаленыя таксама акаўнты ў Кіргізстане, Казахстане, Бразыліі, Аргентыне, Пакістане, Інданэзіі і Марока, накіраваныя на аўдыторыі ў межах гэтых краін. Яшчэ пяць сетак — з Ірану, Украіны, Францыі, Марока і Расеі — мелі на мэце ўплыў на людзей па-за гэтымі краінамі. Усяго ў сьнежні выдалена 1957 акаўнтаў, 156 старонак і 727 груп з Facebook, а таксама 707 — з Instagram.

Пятага чэрвеня мінулага году сацыяльная сетка Facebook заявіла пра маркіроўку паведамленьняў СМІ, кантраляваных дзяржавай. У канцы году кампанія плянуе пачаць блякаваць рэкляму ад гэтых СМІ ў ЗША. У жніўні 2019 году пра аналягічны крок заяўляла сацсетка Twitter.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG