Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 30 дзён. Суд зноў адмовіўся выпусьціць яго з-пад варты


Ігар Лосік.
Ігар Лосік.

13 студзеня Менскі гарадзкі суд адмовіў у задавальненьні скаргі адваката Ігара Дзьмітрыя Лепрэтара.


Перад гэтым вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты адмовіўся суд Партызанскага раёну Менску. Адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» і кансультант Радыё Свабода знаходзіцца пад вартай ужо 200 дзён.

Ігар падчас сустрэчы са сваім адвакатам у СІЗА 12 студзеня папрасіў не спрабаваць адгаварыць яго ад галадаваньня.

«Амаль месяц прайшоў з пачатку маёй галадоўкі, — перадаў ён з-за кратаў. — Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне з аўторка мінулага тыдня перасталі перадаваць вашыя лісты, я ведаю, што вы мне пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў — чакайце пэрсанальныя словы падзякі, рысункі і навіны з майго турэмнага жыцьця. Напэўна, вера ў вас, а таксама ў сваю праўду і невінаватасьць даюць мне сіл трымацца. Усім даўно відавочна, што мой крымінальны перасьлед беспадстаўны.

Вельмі вас усіх прашу — ня трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна? Я ўжо забыўся голас сваёй дачкі. Я разумею, што мае родныя і ўсе неабыякавыя людзі вельмі хвалююцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыцьцём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсьць. Я веру ў сілу вашай салідарнасьці».

Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня, яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Сьледзтва ў яго справе ня скончанае, з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG