Студэнту МДЛУ Глебу Фіцнеру, аднаму з групы затрыманых 12 лістапада актывістаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС), працягнулі тэрмін зьняволеньня на месяц. Пра гэта паведамляюць сябры Глеба Фіцнера са спасылкай на ягонага сваяка.
«Студэнцкая ініцыятыўная група» паведаміла, што Настасьсі Булыбенцы тэрмін утрыманьня пад вартай падоўжаны на 2 месяцы, Ільлю Трахтэнбергу — на 1 месяц. Пакінулі пад вартай і прадстаўніцу Сьвятланы Ціханоўскай у справах моладзі Алану Гебрэмарыям, тэрмін пакуль не вядомы.
12 студзеня мінула 2 месяцы ад затрыманьняў у так званай «справе студэнтаў» паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу, заведзенай супраць групы студэнтаў-актывістаў ці прыхільнікаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. 12 лістапада 2020 году супрацоўнікі КДБ амаль адначасова затрымалі ў розных месцах Менску 9 студэнтаў і студэнтак розных ВНУ сталіцы, а таксама выкладчыцу і выпускніцу ВНУ.
Былі затрыманыя
- Яна Арабейка з БДПУ,
- Кася Будзько з БДПУ,
- Настасься Булыбенка з БНТУ,
- выпускніца БДМУ, актывістка «Моладзевага блоку» Алана Гебрэмарыям,
- Вікторыя Гранкоўская з БНТУ,
- Марыя Каленік з БДАМ,
- Ягор Канецкі з БДУ,
- Ксенія Сырамалот з БДУ,
- Ільля Трахтэнберг з БДУ,
- Вольга Філатчанкава з БДУІР,
- Глеб Фіцнер з МДЛУ.
У іх кватэрах прайшлі ператрусы; затрыманых спачатку трымалі ў СІЗА КДБ, потым перавялі ў СІЗА№ 1 на вуліцы Валадарскага.
Пра большасьць вядома, што ім выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы альбо арганізацыі, дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, але з часу затрыманьня мінула два месяцы, адведзеныя законам на папярэдняе сьледзтва.
Маці Касі Будзько Тацяна цягам дня 12 студзеня так і не даведалася, ці вызваляць яе дачку пасьля двух месяцаў утрыманьня пад вартай.
«Адвакату не ўдалося сёньня наведаць. Будзем спадзявацца, навіны зьявяцца заўтра. Ведаю, што Глебу Фіцнеру працягнулі ўтрыманьне яшчэ на месяц. Відаць, і нам варта таго ж чакаць», — мяркуе Тацяна Будзько.
Якое злачыннае дзеяньне інкрымінуюць яе дачцэ, Тацяна Будзько так і ня ведае.
«Адвакат спасылаецца на падпіску і не гаворыць. Ня ведаю і таго, прызнае яна сябе вінаватай ці адмаўляе віну. Суцэльная тайна», — паведаміла Тацяна Будзько. Паводле жанчыны, нядаўна яна размаўляла з супрацоўніцай пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, дзе вучыцца яе дачка Кася. Размова была пра тое, ці не адлічылі дачку з унівэрсытэту і як гэтага пазьбегнуць.
«Сказала, што пакуль не адлічылі, але ўжо пачалася сэсія і, калі Кася не здасьць экзамэнаў, дык зьявіцца законная падстава яе адлічыць. А як іх здаць, калі дзяўчыну трымаюць на „Валадарцы“ і не адпускаюць нават пад падпіску? Замкнутае кола», — бядуе маці затрыманай Касі Будзько.
На момант напісаньня матэрыялу сваякі яшчэ дзьвюх фігурантак «справы студэнтаў», Марыі Каленік і Ксеніі Сырамалот, таксама ня маюць інфармацыі, якое рашэньне прынята сьледчымі аб далейшым утрыманьні пад вартай.
Усіх фігурантаў «справы студэнтаў» праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.