Раніцай 12 студзеня ў кватэру сябра «Маладога фронту» Віталя Трыгубава прыйшлі міліцыянты і затрымалі актывіста, паведаміў тэлеграм-канал арганізацыі. Месца знаходжаньня Трыгубава невядомае, як і прычына яго затрыманьня.
Віталь Трыгубаў — адзін з найбольш актыўных сябраў «Маладога фронту». У 2020 годзе яго шматразова затрымлівалі і судзілі. У студзені і лютым яго аштрафавалі агулам на 4575 рублёў па некалькіх пратаколах за актыўны ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй. Больш штрафаў тады атрымала толькі Алена Янушкоўская. 31 траўня маладафронтаўца затрымалі ў межах «паляваньня» на актывістаў і праваабаронцаў па ўсёй Беларусі. 14 ліпеня — падчас акцыяў пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Тады ж у актывіста забралі тэлефон.
У жніўні Віталь стаў незалежным назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах, ён працаваў на 29-м участку ў Савецкім раёне Менска, але камісія выклікала на яго міліцыю. Трыгубава асудзілі на 10 содняў яшчэ за тры дні да асноўнага галасаваньня. Ужо ў верасьні да Трыгубава прыходзілі міліцыянты нібыта па крымінальнай справе па артыкуле «Хуліганства», але маладафронтаўца не было дома.