Выкарыстоўваючы ўсе крыніцы інфармацыі, праваабарончы цэнтар «Вясна» падрыхтаваў справаздачу, згодна зь якой агульная колькасьць затрыманьняў склала 26 577.
Пад затрыманьні трапілі мінімум 170 непаўналетніх і ня меней за 295 грамадзян, старэйшых за 60 гадоў, піша БелаПАН.
Найбольшая колькасьць выпала на ўзроставы прамежак ад 19 да 40 гадоў — такіх людзей больш за 10 500. Але пры гэтым дадзеныя пра ўзрост апрацавалі толькі ў паловы затрыманых на ўсіх акцыях.
Суды 6 886 разоў арыштоўвалі і 3 889 разоў штрафавалі грамадзян. Абсалютная большасьць зь іх па артыкулах 23.34 і 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы..." Судзьдзі вынесьлі папярэджаньні ў 87 выпадках, а спынілі не больш за 20 спраў.
Агульная колькасьць сутак адміністрацыйнага арышту дасягнула 83 006. Часьцей за ўсё затрыманых арыштоўвалі на 15 сутак (2.230 пастаноў). Штрафаў за гэты пэрыяд прысудзілі на суму ў 1 799 901 рубель.
Таксама праваабаронцы падрыхтавалі і статыстыку пацярпелых пры затрыманьнях і разгонах мірных акцыяў пратэсту. Сілавікі зьбілі як найменш 381 чалавека. Акрамя таго, 482 чалавекі трапілі ў шпіталь. 10 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненьні, а 5 чалавек загінулі.