Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад штрафу да 5 гадоў зьняволеньня: у крымінальных справах асудзілі 75 пратэстоўцаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 169 чалавек і кажуць, што лічба будзе павялічвацца, бо шмат пра якія справы і працэсы ім невядома.

«Палітвязьнямі прызналі 169 чалавек. Гэта на дадзены момант, але іх будзе значна больш. Мы не пра ўсіх ведаем, на што ёсьць розныя прычыны», — зазначыў у размове з карэспандэнтам Свабоды праваабаронца цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Усяго вясноўцы маюць зьвесткі пра больш як 600 падазраваных, абвінавачаных і ўжо асуджаных. База зьвестак актыўна папаўняецца, кажуць у «Вясьне».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Паводле Валянціна Стэфановіча, шмат хто са сваякоў тых, на каго завялі «крыміналку» за ўдзел у пратэстах, не зьвяртаўся па юрыдычную дапамогу ў праваабарончыя арганізацыі, бо апынуўся ў падобнай сытуацыі ўпершыню.

«Пра некаторых мы даведваемся толькі ў дзень суду ці раней, калі прызначаны разгляд справы. Асабліва часта так адбываецца ў рэгіёнах», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Яшчэ адной распаўсюджанай прычынай, чаму «пратэставыя» справы не трапляюць у сьпісы праваабаронцаў, ёсьць боязь сваякоў абвінавачаных, што статус палітвязьня ў горшы бок паўплывае на судовае рашэньне і пагоршыць становішча ў вязьніцы.

«Лепш пра нас ня згадвайце»

Вось якая размова адбылася ў журналіста з маці аднаго з абвінавачаных, чыя справа дайшла да суду.

«Прашу вас, не давайце пра майго сына лішняй інфармацыі. А яшчэ лепш ня згадвайце зусім. Мы баімся, што будзе яшчэ горш. Таму мы і да праваабаронцаў не зьвярталіся», — сказала жанчына. Яе сына вінавацяць у гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта. Жанчына спадзяецца, што суд улічыць маладосьць сына і той атрымае «ўсяго „хімію“». Што сына апраўдаюць, маці ня верыць.

Судовы канвэер

Крымінальныя справы, зьвязаныя з выбарамі, пачалі заводзіць яшчэ ў чэрвені мінулага году. Адной з першых стала справа супраць блогера Сяргея Ціханоўскага, якога затрымалі 29 траўні ў Гародні падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Разам зь Ціханоўскім затрымалі некаторых актывістаў ягонага штабу.

У базе зьвестак праваабаронцаў „Вясны“ цяпер 651 прозьвішча, на сайце цэнтру пазначаны тэлефоны, на якія можна паведаміць новыя дадзеныя. Гэта ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты іх штабоў і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту, якіх падазраюць у злачынстве, альбо ўжо абвінавацілі ці нават ужо асудзілі. Часьцей за ўсё ім інкрымінуюць 342, 363 ці 364 артыкулы Крымінальнага кодэксу. Гэта ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, супраціў міліцыі, гвалт ці пагроза гвалту адносна праваахоўніка.

Па стане на пачатак 2021 году было асуджана 75 чалавек, зь іх 7 жанчын. Прычым ніводнага разу беларускія суды не вынесьлі апраўдальнага прысуду. Сярод прызначаных пакараньняў ёсьць штраф, некалькі » хімій«, але большасьць — пазбаўленьне волі. На 2, 3, 4, у адным выпадку на 5 гадоў.

Якія працэсы пачаліся і неўзабаве пачнуцца ў новым, 2021 годзе?

Судовы канвэер у справах, зьвязаных з выбарамі, запрацаваў у першы працоўны дзень 2021 году.

Адразу стартавалі 4 працэсы: тры ў сталіцы і яшчэ адзін у Цэнтральным раённым судзе Гомлі.

У Савецкім раённым судзе Менска пачалі судзіць трох байкераў: Андрэя Іванюшына, Мікіту Афанасьева і Мікіту Траццякевіча. Хлопцы аказаліся ўдзельнікамі інцыдэнту, які адбыўся каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» 19 верасьня. Тады байкеры спрабавалі выцягнуць з машыны свайго сябра, якога затрымалі невядомыя асобы ў цывільным. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя ўчынілі гвалт і пашкодзілі маёмасьць супрацоўнікаў ГУБАЗіКу — галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, якую на той момант узначальваў Мікалай Карпянкоў, цяпер намесьнік міністра ўнутраных спраў.

Таксама ў Савецкім раённым судзе Менску 4 студзеня пачаўся працэс над менчуком, які 16 верасьня на несанкцыянаваным мерапрыемстве пашкодзіў відэакамэру супрацоўніку міліцыі. У Першамайскім раённым судзе ў гэты ж дзень стартаваў працэс над жыхаром Менску, які 1 лістапада нібыта спрабаваў спыніць рух на праспэкце Незалежнасьці.

Варта адзначыць таксама працэс у Цэнтральным раённым судзе Гомля, дзе 4 студзеня пачалі судзіць прадпрымальніка, які, паводле абвінавачаньня, выкінуў у сьметніцу дзяржаўны сьцяг. Ён грамадзянін Расеі.

5 студзеня ў Першамайскім судзе Менску пачынаецца працэс над менчуком, які ўдзельнічаў у пратэстах 14 ліпеня, калі не зарэгістравалі кандыдатамі на прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. А ў Берасьці пачнецца суд над жыхаром гораду, якога вінавацяць у тым, што ён абнародаваў ілжывыя зьвесткі пра камандзіра абласнога АМАПу і тым самым «дыскрэдытаваў пацярпелага ў вачах грамадзкасьці».

6 студзеня Фрунзэнскі раённы суд пачне разглядаць справу ўдзельніка падзей 10 жніўня ў Менску на вуліцы Прытыцкага, падчас якіх ад кулі міліцыянта загінуў пратэстовец Аляксандар Тарайкоўскі. Пазьней на месцы гібелі Тарайкоўскага ўзьнік народны мэмарыял, з якім улады пачалі ўпартую барацьбу. За надпіс «Не забудзем» па месцы гібелі Тарайкоўскага ўжо асудзілі 5 чалавек. Марыя Бабовіч, Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка атрымалі «хімію», а Максім Паўлюшчык і Ўладзіслаў Гуліс — па два гады зьняволеньня.

Таксама 6 студзеня ў Маладачанскім раённым судзе пачнецца працэс над мясцовым жыхаром, які выйшаў пратэставаць на гарадзкую плошчу 9 жніўня, ў дзень выбараў. Гэта было ў тым жа месцы і ў той самы час, калі на плошчы ў Маладэчне апошні раз бачылі зь бел-чырвона-белым сьцягам Мікіту Крыўцова. Ягоныя сябры мяркуюць, што Мікіта Крыўцоў быў забіты, а ня скончыў жыцьцё самагубствам.

Калі будзе суд над Віктарам Бабарыкам

Пра тое, калі пачнецца працэс над Віктарам Бабарыкам, зьвестак няма. Больш за месяц таму КДБ паведаміў, што сьледзтва ў ягонай ды іншых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» справе завершанае. Пачалося азнаямленьне са справай, на якое звычайна даецца месяц. Але пазьней стала вядома, што экс-банкіру працягнулі тэрмін азнаямленьня з матэрыяламі справы. Бабарыка не прызнае сябе вінаватым і на супрацоўніцтва са сьледзтвам не пагаджаецца, паведаміў ягоны адвакат. Былога старшыню «Белгазпрамбанку» і палітыка Віктара Бабарыку трымаюць у ізалятары КДБ «амэрыканка».

Калі завершыцца расьсьледаваньне справы Сяргея Ціханоўскага і актывістаў ягонага штабу, таксама невядома. Між тым днямі ў інтэрнэце зьвіўся аўдыёзапіс размовы, дзе пра Ціханоўскага гучаць словы «Няма на яго артыкулу — трэба прыдумаць і пасадзіць, хай там здохне». Ініцыятыва BYPOL, якая распаўсюдзіла запіс, сьцьвярджае, што голас на ім падобны да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

У Беларусі не заведзена ніводнай крымінальнай справы паводле некалькіх соцень заяваў пацярпелых ад міліцэйскага гвалту падчас падзеяў, зьвязаных з выбарамі. У тым ліку не заведзены крымінальныя справы па фактах сьмерці людзей, якія імаверна былі зьвязаныя з пратэстамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG