Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб катаваньнях у справе Міколы Дзядка


Акцыя салідарнасьці зь Міколам Дзядком у Варшаве. Архіўнае фота.
Акцыя салідарнасьці зь Міколам Дзядком у Варшаве. Архіўнае фота.

Амаль тры тыдні адвакатка Натальля Мацкевіч чакала допуску ў СІЗА да палітзьняволенага Мікалая Дзядка. Яго па-ранейшаму ўтрымліваюць у жорсткіх умовах.

Адвакатка вядомага публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка паведаміла Tut.by, што ў яго нармальны стан здароўя, а настрой бадзёры. Акрамя таго, Натальля Мацкевіч расказала, што за апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў.

«Мікола ведае пра хвалю салідарнасьці людзей зь ім, захоплены і шчасьлівы, ад душы ўдзячны тым, хто падтрымаў і перажывае за яго».

Але ў абароны ёсьць падставы для турботы. За час знаходжаньня ў СІЗА Мікалай зьмяніў некалькі камэраў з прычыны канфліктаў з сукамэрнікамі. Дзядок лічыць, што сытуацыя можа пагоршыцца. Умовы сустрэч Мікалая з адвакаткай у СІЗА на Валадарскага, паводле яе, «не забясьпечваюць умоваў для аказаньня эфэктыўнай юрыдычнай дапамогі».

Апошні месяц для гэтых сустрэч адводзяць толькі адмыслова абсталяваны кабінэт, дзе Дзядка замыкаюць у мэталічную клетку, якая яшчэ і гермэтычна закрытая плястыкавымі панэлямі. Гэта выключае магчымасьць перадаваць запісы і дакумэнты, а каб размаўляць праз аргшкло, даводзіцца павышаць голас. Гэта ставіць пад сумнеў умовы прыватнасьці.

З чым зьвязана такое дыскрымінацыйнае і зьневажальнае стаўленьне, адміністрацыя адвакатцы не патлумачыла. На яе думку, аб’ектыўных падставаў да гэтага няма, улічваючы, што блогер абвінавачваецца ў менш цяжкім, негвалтоўным злачынстве.

Абарона Мікалая Дзядка адправіла скаргу на абставіны сустрэч з падабаронным ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Менску і Менскай вобласьці і ў пракуратуру Менску. Праваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся да спэцдакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн і спэцдакладчыка аб катаваньнях Нільса Мэльцэра і заклікалі іх умяшацца ў сытуацыю.

Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна зьбілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Затым яму прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG