Праваабарончы цэнтар «Вясна» падвёў вынікі перасьледу сваіх сяброў і валянтэраў за 2020 год. Праваабаронцы сядзяць у крымінальных справах, адбывалі суткі арышту, змушана пакідалі краіну, сплачвалі штрафы.
У 2020 годзе 18 сяброў і валянтэраў Праваабарончага цэнтру «Вясна» зазналі перасьлед і рэпрэсііям з боку беларускіх уладаў.
«Вясноўцы пры выкананьні праваабарончай дзейнасьці перасьледуюцца дзяржавай рознымі спосабамі: затрыманьні з надуманых прычынаў, крымінальны і адміністрацыйны перасьлед, вобшукі, суды і іншыя формы ціску», — адзначаецца на сайце арганізацыі.
Рэпрэсіі ўзмацніліся ў выбарчы і поствыбарчы пэрыяд. Двое чалавек цяпер утрымліваюцца ў сьледчых ізалятарах у справе «аб масавых беспарадках» — гэта каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк. Яшчэ адзін валянтэр Павал Гарбуз 10 дзён правёў у ізалятары, пасьля чаго яго выпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньняў. Гарбуз разам зь сям’ёй, баючыся працягу перасьледу, пакінуў Беларусь.
Марына Кастылянчанка, Алесь Капуцкі, Уладзімер Целяпун, Алесь Дзергачоў, Кацярына Чхарцішвілі, Тамара Шчапёткіна, Алесь Буракоў, Уладзімер Вялічкін адбывалі арышты або атрымлівалі пакараньне ў выглядзе штрафаў паводле артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
У межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» перасьлед зьведалі Сяржук Лацінскі, старэйшы і малодшы Алесі Бураковы, Алег Мацкевіч, Алена Масьлюкова, Уладзімер Вялічкін, Алесь Капуцкі. Агулам сябры «Вясны» адседзелі 30 дзён арышту пераважна паводле артыкулу аб масавых мерапрыемствах, хоць яны ня ўдзельнічалі ў пікетах і пратэстах, а праводзілі праваабарончае назіраньне на акцыях.
Але і да выбараў улады ціснулі на «Вясну» — завялі крымінальныя справы па артыкулах 188 (Паклёп) і 189 (Зьнявага) Крымінальнага кодэксу. Пад перасьлед трапілі праваабаронцы зь Бярозы, Сьветлагорску і Рэчыцы Тамара Шчапёткіна, Алена Масьлюкова і Андрэй Мядзьведзеў. Ва ўсіх выпадках справы спынілі празь недаказанасьць, але супраць Шчапёткінай справу пачыналі другі, а затым і трэці раз, забралі падчас ператрусу нататнікі і кампутарную тэхніку.
Акрамя таго, валянтэра «Вясны» Аляксандра Паплаўскага і праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка судзілі за «дробнае хуліганства» пасьля затрыманьняў у залях судоў. Паплаўскага не асудзілі, бо ў міліцэйскім пратаколе выявіліся фальсыфікацыі, а Вайцешыка аштрафавалі, хоць пры падрыхтоўцы справы міліцыя таксама дапусьціла шэраг парушэньняў заканадаўства і пракуратура вынесла прадстаўленьне начальніку Нясвіскага РАУС.