Згодна са справаздачай Праваабарончага цэнтру «Вясна», улады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны перасьлед з палітычных матываў.
Цяпер у месцах абмежаваньня волі 169 палітвязьняў. Агульная колькасьць грамадзянаў, у дачыненьні да якіх заведзеныя крымінальныя справы, перавысіла 900 чалавек.
Цягам сьнежня за ўдзел у сходах і мітынгах сілавікі затрымалі ня менш за 750 чалавек. Разгледжаныя каля 700 адміністрацыйных справаў, вядома аб накладзеных на 200 чалавек штрафах у суме каля 150 тысяч рублёў. 481 чалавеку прызначаны адміністрацыйны арышт агулам на 6918 дзён.
У той жа час органамі пракуратуры і Сьледчым камітэтам не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах сыстэмных і масавых катаваньняў 9–12 жніўня, не заведзеныя справы па фактах гібелі як мінімум чатырох удзельнікаў пратэстаў — Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Віхора.
Крымінальны перасьлед застаецца адным з асноўных відаў рэпрэсіяў, якія ўжываліся ўладамі Беларусі ў пэрыяд выбараў і працягваюць прымяняцца дагэтуль. Значную катэгорыю разгляданых судамі справаў складалі працэсы «за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі» ці «супраціў з ужываньнем гвалту» (арт. 363, 364, 366 КК).
Паводле праваабаронцаў, суды, як правіла, не даюць належнай ацэнкі законнасьці дзеяньняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і зыходзяць з таго, што тыя ажыцьцяўлялі законную дзейнасьць па ахове грамадзкага парадку; адпаведна, усялякага роду супраціў прадстаўнікам МУС — «злачынны».
Падрабязная справаздача — на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна».