Акрамя таго, жанчына пашырыла публікацыі забароненага ўладамі Беларусі тэлеграм-каналу Nexta Live зь ягоным лягатыпам.
Міліцыя ўгледзела ў дзеяньнях маці 2-гадовага дзіцяці распаўсюд фашысцкай сымболікі і экстрэмісцкіх матэрыялаў, а 28 сьнежня судзьдзя Ўладзімер Жолудзеў аштрафаваў яе на 405 рублёў.
Віну жанчына прызнала, але перакананая: крамолы ў тым, што яна разьмяшчала ў чаце, не было. Пакараньне лічыць перасьледам за грамадзянскую пазыцыю.
Патрабавала ад акруговай камісіі вынікаў галасаваньня па раёне
Вольга называе сябе апазыцыянэркай і перакананая, што такіх, як яна, у Беларусі цяпер бальшыня. Цікавіцца палітычнымі падзеямі жанчына пачала ў 2010 годзе, а сёлета ўпершыню ў жыцьці прагаласавала. Свой выбар спыніла на Сьвятлане Ціханоўскай. Яна ня верыць, што ў раёне за Лукашэнку аддалі галасы пад 90 працэнтаў выбарнікаў.
Вольга кажа: пад адміністрацыйны перасьлед трапіла праз пільную ўвагу мясцовай міліцыі да ейнай сям’і. Гісторыя яе стасункаў з супрацоўнікамі РАУС пачалася 11 жніўня. Тады ля раённай адміністрацыі сабралася грамада жыхароў Быхава дазнацца вынікі галасаваньня. Была там і Вольга з мужам Дзьмітрыем.
Да райвыканкаму прыехаў на машыне і 20-гадовы сын Вольгі Андрэй з уключанай кампазыцыяй Віктара Цоя «Перемен». За ім прыехалі супрацоўнікі ДАІ. Яны заявілі, што на Андрэевай машыне нібыта ў Магілёве зьбілі чалавека і неабходная яе экспэртыза. Аўтамабіль адправілі на штрафстаянку, а Андрэя пратрымалі ў міліцыі 2 гадзіны ды адпусьцілі.
Па словах Вольгі, ля райвыканкаму намесьнік начальніка раённай міліцыі абвясьціў людзям, што іхны сход несанкцыянаваны і запатрабаваў разысьціся. Пасьля спрэчак дазволіў грамадзе пакінуць чыноўнікам пісьмовы зварот. Пазьней на яго прыйшла фармальная адпіска, прыгадвае Вольга.
Тры дні ў аблозе і абвінавачаньне ў неналежным выкананьні бацькоўскіх правоў
Вольга Пушкарова жыве ў сваім доме і пасьля падзеяў ля райвыканкаму тры дні прабыла ў аблозе. Ёй намагаліся ўручыць позву, каб яна зьявілася сьведкай у міліцыю ў справе несанкцыянаванага мітынгу.
«У дом яны ўсё ўсё ж трапілі, калі муж выйшаў на працу а 7-й раніцы, — апавядае жанчына. — Міліцыянты заявілі, што ў іх ананімка, у якой напісана, што я прадаю алькаголь. Гэта была няпраўда, а ім трэба было агледзець жытло. Шукалі бела-чырвона-белую сымболіку, а яе, на мой сорам, у хаце не было».
Блізу месяца Пушкаровы жылі спакойна, і раптам Вольгай зацікавіліся з камісіі ў справах непаўналетніх. Інспэктарка абвінаваціла гаспадыню, што яна кепска выконвае бацькоўскія абавязкі. Вольга прызнаецца: такія прэтэнзіі яе зьдзівілі і напалохалі.
«Яны заявілі, што я прыводжу дзіця на несанкцыянаваныя мітынгі, удзельнікі якіх выкарыстоўваюць апазыцыйную сымболіку: бел-чырвона-белыя сьцягі», — пераказвае абвінавачваньне суразмоўца. Па яе словах, інспэктарка тлумачыла, што высьвятляе ўмовы пражываньня непаўналетняй на загад раённай пракуратуры.
Вольга заўважае, што ня лічыць бел-чырвона-белы сьцяг апазыцыйным, бо вучылася пад ім. У фае яе школы ён разам з гербам Пагоня стаяў на ганаровым месцы. Паводле жанчыны, інспэктарцы яна заявіла, што ня памятае, калі гэты сьцяг забаранілі.
«Пазьней мне даслалі паперу, што ў маіх дзеяньнях праглядаецца ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, а ў дзеяньні 2-гадовай дачкі іх няма», — кажа Вольга.
«Тэлеграм-каналы публікуюць праўдзівую інфармацыю пра наша жыцьцё»
Абвінавачаньне ў распаўсюджаньні нацысцкай сымболікі і публікацыяў тэлеграм-каналу Nexta Live зь ягоным лягатыпам чарговы раз парушыў спакой сям’і Пушкаровых. Жанчына цьвердзіць, што ня ведала аб існаваньні Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў і адказнасьці за выкарыстаньне зьвестак зь яго. Яна перакананая: у тым, што разьмясьціла ў тэлеграм-канале быхаўскіх прыхільнікаў пераменаў, была праўда, а не крамола.
Па ейных словах, у карцінцы з нацысцкай сымболікай і выявай Аляксандра Лукашэнкі была пададзена статыстыка, колькі чалавек рэпрэсавалі ў Нямеччыне ў 1933 годзе і ў Беларусі ў 2020-м. Што да публікацыяў з забароненага тэлеграм-каналу, то экстрэмісцкіх заклікаў у іх не было, настойвае суразмоўца.
Пасьля таго, як да яе заявіліся міліцыянты з абвінавачаньнем у супрацьпраўных учынках, згаданыя пасты яна выдаліла.
«Тэлеграм-каналы цяпер публікуюць праўдзівую інфармацыю пра нашае жыцьцё», — настойвае Вольга.
«Безумоўна, уладзе гэта не падабаецца, і яна лічыць іх дэструктыўнымі. Але беларуская тэлевізія даўно займаецца прапагандай. Яна паведамляе тое, чаго няма ў рэальнасьці, дык чаму я мушу ня верыць незалежным СМІ і тэлеграм-каналам?» — пытаецца яна.
Штраф роўны дапамозе па доглядзе дзіцяці
На погляд Вольгі Пушкаровай, у Быхаве міліцыя цяпер паволі вылічвае тых, хто выяўляў пратэставую актыўнасьць пасьля спаду гвалту сілавікоў. Па ейных словах, адна сям’я ўжо вымушана была зьехаць з райцэнтру, каб уратавацца ад перасьледу. Вольга не выключае, што могуць не падоўжыць працоўнага кантракту і зь ейным мужам.
Яна кажа, што Быхаў горад невялікі і многія баяцца дэманстраваць незадаволенасьць жыцьцём. Нямала тых хто зьмірыўся і чакае, што пераменаў дамогуцца за іх.
«У нас жа таксама нямала выходзіла людзей на пратэсты ў жніўні, — згадвае суразмоўца. — Аднак, тут, у глыбінцы прасьцей запалохаць. Перамены ўсё адно надыдуць. Супакоіць тых хто ўзьняўся на пратэст, ня ўдасца. У нас спакой толькі вонкавы...»
Цяпер Вольга ў дэкрэтным водпуску. Да нараджэньня дзіцяці рабіла на дрэваперапрацоўчым прадпрыемстве майстрам лесанарыхтовак. Яна адзначае, што прысуджаны штраф роўны дапамозе, якая выплачваецца на дачку.
Жанчына пакуль ня ведае, ці будзе абскарджваць вырак. Спадзяецца сплаціць штраф часткамі. Яна настойвае: прысуд ня зьменіць ейнай грамадзянскай пазыцыі і жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю» яна і яе сям’я ня будуць.