Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістцы «Вясны» Марфе Рабковай падоўжылі арышт, яе лісты на волю прыходзяць напалову выкрасьленыя цэнзарам


Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

Каардынатарцы Валянтэрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 17 студзеня 2021 году. Праваабаронца даслала ліст родным, але ў СІЗА застаюцца праблемы з карэспандэнцыяй, як уваходнай, так і выходнай.

Родныя і сябры атрымліваюць вельмі мала лістоў ад Марфы Рабковай, а рэдкія лісты да калегаў зь «Вясны» прыходзяць напалову выкрасьленыя цэнзарам, паведамляе Праваабарончы цэнтар. Сама Марфа напісала, што «сытуацыя зь лістамі ўсё ж такі стабілізуецца».

Днямі вялікі ліст ад Рабковай атрымала валянтэрка «Вясны» Марына Гарбуз. Ліст датаваны 17 сьнежня — роўна праз тры месяцы пасьля затрыманьня праваабаронцы.

Рабкова паведамляе, што склала графік дзеяньняў, якія паўтарае штодня, «нават гарбату п’е паводле графіку». Чытае шмат кніг, газэтаў, але выказвае шкадаваньне, што «шмат талковых газэтаў цяпер не друкуецца». Думае паспрабаваць маляваць, але прызнаецца, што робіць гэта кепска. Марфа адзначае, што, па вялікім рахунку, ёй нічога ня трэба. Муж Вадзім акружыў яе поўным клопатам, каб Марфа ні ў чым ня мела патрэбы.

Таксама Марфе перадалі ў камэру кнігі для вывучэньня ангельскай мовы і біялёгіі.

«Я ўжо на практыцы адчула, што трэба перадаваць у перадачах, а што ня так важна. Тут, напрыклад, часта даюць бульбу, і сухое бульбяное пюрэ ня надта трэба. Ведаю ўжо ўсё, што ёсьць у „атаварцы“. Набралася практыкі. Цяпер змагу перадаваць лепшыя перадачы, але вельмі спадзяюся, што веды аб перадачах мне больш не спатрэбяцца», — адзначыла Марфа Рабкова ў лісьце.

Валянтэрку Праваабарончага цэнтру «Вясна» затрымалі 17 верасьня ў Менску разам з мужам, калі яны вярталіся з урачыстага ўзнагароджаньня «Вясны» польскай прэміяй «Арол» імя Яна Карскага. Рабкову пакінулі пад вартай і неўзабаве прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньні такой дзейнасьці». Па такім артыкуле чалавеку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

У абарону Рабковай і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленьні праваабаронцы выступілі беларуская праваабарончая супольнасьць, спэцдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясьціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў яе неадкладнага вызваленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG