Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску перасьледуюць звольненых мэдыкаў: ператрусы, допыт на дэтэктары хлусьні


Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў. Ілюстрацыйнае фота.
Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў. Ілюстрацыйнае фота.

Шэраг бабруйскіх мэдыкаў патрапілі пад перасьлед у мінулыя дні. У адной з мэдсясьцёр правялі ператрус, а саму яе апыталі на паліграфе.

Да былой мэдсястры Бабруйскага міжраённага анкалягічнага дыспансэру Ілоны Златкінай міліцыя прыехала разам з МНС — хацелі ўзломваць дзверы, калі жанчына доўга не адчыняла. Пасьля ператрусу бабруйчанку да вечара трымалі спачатку ў РАУСе, потым у Сьледчым камітэце, паведамляе «Белсат».

Яшчэ адну мэдсястру Ірыну Іванчыкаву ў той жа дзень запрашалі на размову наконт пагроз у тэлеграм-канале.

Перасьлед і рэпрэсіі ў дачыненьні Ілоны Златкінай і Ірыны Іванчыкавай пачаліся 4 кастрычніка, калі жанчын затрымалі падчас мірнага шэсьця. Тады яны правялі ноч у бабруйскім ІЧУ, на наступны дзень іх судзілі і далі штрафы.

Златкіна працавала ў аддзяленьні кампутарнай тамаграфіі. Амаль адразу пасьля затрыманьня і суду ёй прапанавалі звольніцца. Жанчына напісала заяву аб звальненьні па згодзе бакоў. А 23 сьнежня ў яе кватэру прыйшла міліцыя. Каб пазьбегнуць узлому дзьвярэй, Ілона адчыніла. Прад’явілі пастанову на ператрус у рамках крымінальнай справы аб паклёпе на галоўную лекарку Бабруйскай цэнтральнай лякарні Аксану Крупеніч. Міліцыянты заявілі пра падазрэньне, што менавіта Златкіна разьмясьціла ў тэлеграме допісы пра тое, што па загадзе Крупеніч у Бабруйску звальняюць мэдыкаў.

У сям’і Златкіных забралі ноўтбук, флэшкі, у Ілоны канфіскавалі тэлефон. А пасьля ператрусу яе завезьлі ў аддзяленьне міліцыі Ленінскага раёну Бабруйску і апыталі на паліграфе.

«Я пагадзілася на дэтэктар, бо мне няма чаго хаваць, але тым ня менш, мне падчас апытаньня спрабавалі давесьці, што я хлушу, бо ў мяне там нешта „зашкальвае“. Дык а што яны хацелі ў такім стане, у якім я была? Мяне ўсю трэсла».

З РАУСу Ілону даставілі ў Сьледчы камітэт. Толькі там жанчыне патлумачылі, што яна праходзіць сьведкай, а не падазраванай па крымінальнай справе. Ілона Златкіна сказала, што бачыла такія допісы, нават дзялілася імі з сябрамі, але сама іх не пісала.

Ірына Іванчыкава працавала ў апэрацыйным блёку хірургічнага аддзяленьня Бабруйскай цэнтральнай лякарні. Праз паўмесяцы пасьля суду яе папрасілі звольніцца «па згодзе бакоў», яна пагадзілася, а неўзабаве знайшла новую працу. 23 сьнежня Ірыне патэлефанавалі зь міліцыі і запрасілі на размову наконт пагрозаў у адным з тэлеграм-каналаў. Бабруйчанка адмовілася ісьці, бо была на працы. Падрабязнасьці па тэлефоне ёй не патлумачылі.

Гэта не адзіныя выпадкі ціску на мэдыкаў у Бабруйску. У лістападзе змусілі звольніцца лекара-гігіеніста з Бабруйскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Леаніда Кошаня. Галоўны лекар цэнтру Дзьмітры Лайтэр выклікаў на Кошаня міліцыю за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам каля будынку санстанцыі. Гігіеніст правёў ноч у ІЧУ, затым яго аштрафавалі.

Таксама пасьля суду і штрафу па арт.23.34 КаАП аб несанкцыянаваных мерапрыемствах звольнілі санітарку адной зь мясцовых лякарняў, актывістку і шматдзетную маці Галіну Лазараву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG