21 сьнежня судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Вікторыя Крэпская не зьвярнула ўвагі на дыягназ Людмілы Паўлоўскай, якую судзіла. Тая хворая на эпілепсію, чарговы прыступ здарыўся якраз пры затрыманьні, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сястра Людмілы расказала акалічнасьці сытуацыі. Суд адбыўся паводле ч. 3 арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых абавязкаў). Раней жанчыну ўжо судзілі паводле ч. 1 артыкулу 23.34 і пакаралі тэрмінам на 12 содняў.
21 сьнежня на паседжаньні не было адваката Паўлоўскай. У пратаколе не супадалі месца затрыманьня і яго акалічнасьці. Яе затрымалі на Харкаўскай вуліцы, хаця ў пратаколе пазначылі Прытыцкага. АМАП затрымаў яе не ў калёне, а калі яна ішла сама. Сястра мяркуе, што маглі заўважыць чырвона-белыя пальчаткі. Калі Людмілу папрасілі прайсьці ў аўтобус праверыць дакумэнты, яна, паводле сястры, не супраціўлялася, хаця судзілі яе ў тым ліку і за супраціў.
У аўтобусе ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі, аднак тыя, хто затрымліваў жанчыну, «падумалі, што яна неадэкватная», і ня выклікалі «хуткую». Судзьдзя таксама не зьвярнула ўвагі на хваробу. Жанчына пачала адбываць адміністрацыйны арышт у ЦІП на Акрэсьціна.