Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары расказалі пра стан здароўя мітрапаліта Філарэта, якога шпіталізавалі з каранавірусам


Мітрапаліт Філарэт.
Мітрапаліт Філарэт.

Ганаровага Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта «ў сілу яго шаноўнага ўзросту» зьмясьцілі ў адну зь менскіх клінік для курсу лячэньня ад каранавірусу.

Пра гэта паведаміў партал Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

«Архіпастыр знаходзіцца пад наглядам высокакваліфікаваных лекараў і дасьведчанага мэдпэрсаналу, — адзначаецца ў афіцыйнай заяве. — Стан яго здароўя ацэньваецца мэдыкамі як здавальняючы».

Мітрапаліт Веньямін заклікаў сьвятароў, законьнікаў і сьвецкіх «узмацніць малітвы аб мітрапаліце Філярэце, просячы найхутчэйшага і поўнага яго выздараўленьня».

«Прадстаяцель беларускай царквы таксама просіць усіх быць уважлівымі да ўласнага здароўя і праяўляць клопат пра навакольных, выконваючы прафіляктычныя захады, рэкамэндаваныя Міністэрствам аховы здароўя», — падкрэсьлілі ў БПЦ.

Адхілены ад службы праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко раней выказаў сумнеў, што ахоўныя захады выконваюць самі сьвятары. На яго думку, мітрапаліт Філарэт мог заразіцца падчас адзначэньня нядаўняга 85-годзьдзя.

«Кідаецца ў вочы знарочыста падрабязнае выкладаньне датаў інфікаваньня, дыягнаставаньня і шпіталізацыі. Усё гэта, пэўна, выклікана чуткамі, што Філарэт быў заражаны падчас сьвяткаваньня яго імянінаў. На здымках з афіцыйнага сайту БПЦ відаць, што духавенства было бяз сродкаў проціэпідэмічнай абароны», — зьвяртае ўвагу Аляксандар Шрамко.

Мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. У 1959-м пастрыжаны ў манаства.

У 1978 годзе прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама патрыяршым экзархам Заходняй Эўропы, у 1992-м — мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі. У 2006 годзе атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі званьне Героя Беларусі.

25 сьнежня 2013 году Сынод Расейскай праваслаўнай царквы задаволіў прашэньне мітрапаліта Філарэта аб выхадзе на пэнсію ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту. Яго прызначылі ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы месца на набажэнствах і ў афіцыйных цырымоніях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG