Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн папярэдзіў, што кібэратакі «расейскіх хакераў» не застануцца без адказу


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ня бачыць ніякіх доказаў таго, што сытуацыя пасьля масавай кібэратакі на Злучаныя Штаты знаходзіцца пад кантролем. Ён таксама папярэдзіў, што гэты кібэрнапад не застанецца без адказу пасьля яго ўступленьня на пасаду кіраўніка дзяржавы 20 студзеня, перадае Голас Амэрыкі.

«Гэта сур’ёзная рызыка, і яна захоўваецца. Я ня бачу сьведчаньняў таго, што цяпер усё пад кантролем. Міністэрства абароны пра шматлікія рэчы нас нават не праінфармуе. Таму я ня ведаю нічога, што сьведчыла б пра тое, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем», — адзначыў Байдэн.

Пра маштабную кібэратаку на рэсурсы дзяржаўных органаў ЗША стала вядома ў сярэдзіне сьнежня. Яе назвалі найбуйнейшай за пяць гадоў. Прадстаўнікі ўладаў ЗША і экспэрты кажуць, што сеткі прынамсі шасьці ўрадавых ведамстваў, у тым ліку Мінфіну, Пэнтагону, Дзярждэпартамэнту, былі ўзламаныя, а тысячы кампаній заражаныя шкодным кодам.

Дзяржсакратар Майк Пампэо раней заяўляў, што гэтая кібэратака, паэўна, была зроблена пры падтрымцы расейскіх уладаў.

«Гэта падобна на доўгія вар’яцкія паводзіны Расеі ў кібэрпрасторы», — падсумаваў Байдэн. Ён паабяцаў, што будзе працаваць з абедзьвюма партыямі і дамагацца ўхваленьня Кангрэсу для супрацьстаяньня кібэратакам пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта.

Байдэн абвінаваціў Дональда Трампа ў тым, што той не забясьпечыў абароны краіны ад кібэратакі. Раней Трамп выказаў здагадку, што шкода ад кібэратакі была перабольшаная прэсай, і выказаў сумневы ў тым, што за імі стаяла Расея. Трамп высунуў вэрсію аб датычнасьці Кітаю.

Паводле словаў абранага прэзыдэнта, яго будучая адміністрацыя распачне важныя крокі для рэагаваньня на гэты масіраваны напад. Падрабязнасьцяў Байдэн не паведаміў. Будучы кіраўнік адміністрацыі Белага дому Рон Клайн раней заявіў, што рэакцыя Байдэна на хакерскую атаку выйдзе за рамкі санкцый.

Каманда Байдэна абдумвае варыянты пакараньня Масквы за яе меркаваную ролю ў цяперашнім хакерскім нападзе, у тым ліку фінансавыя захады і ўзломы ў адказ расейскай інфраструктуры, паведамілі агенцтву Reuters інфармаваныя спэцыялісты.

Крэмль адмаўляе сваю датычнасьць да хакерскай атакі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG