Падрабязнасьцяў крымінальнай справы адвакатка даць ня можа, бо знаходзіцца пад адмысловай падпіскай. А па словах дзяўчыны падазраванага Ксеніі, у дачыненьні 34-гадовага Сьцяпана распачалі крымінальную справу па арт. 339 КК Беларусі «Хуліганства». Яму пагражае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Падрабязнасьці праверкі па факце ДТЗ дагэтуль невядомыя, піша Tut.by.
Таксама нічога не вядома пра пашкоджаньні, якія нібыта нанёс падазраваны ў крымінальнай справе транспарту сілавікоў. Адвакатка заявіла, што на відэа бачна, як Сьцяпан штосьці кідае толькі аднойчы і не відаць, каб у машыны былі нейкія пашкоджаньні.
Адвакатка пасьля некалькіх візытаў у турму паведаміла, што Сьцяпан знаходзіцца ў някепскіх умовах, у здавальняючым маральным стане. Мэдычную дапамогу яму надаюць, ён паволі ідзе на папраўку, але яшчэ носіць адмысловы каўнер для фіксацыі шыі.
ДТЗ адбылося 15 лістапада, каля 12.27 у Менску на праспэкце Пушкіна, каля дома № 49. У гэты час сілавікі разганялі пратэстоўцаў, якія спрабавалі сабрацца на традыцыйны нядзельны марш. Відавочцы распавялі, што перад гэтым на праезнай частцы адбылася бойка: сілавікі хацелі кагосьці зацягнуць да сябе, а чалавек супраціўляўся.
Паводле суразмоўцаў выданьня, хлопец выбег на праезную частку і нешта кінуў у бок мікрааўтобуса, у які цягнулі людзей. У гэты момант па сустрэчнай паласе з боку мэтро «Пушкінская» ехаў яшчэ адзін сіні бус, пешаход яго не заўважыў, і машына зьбіла яго.
У выніку сілавікі забралі хлопца і зьехалі. А на наступны дзень ГУУС Менску паведаміла, што ДТЗ адбылося з-за парушэньня 34-гадовым мужчынам правілаў дарожнага руху. Хлопца адвезьлі ў шпіталь пад канвоем, а па факце ДТЗ пачалі праверку.
Пра здарэньне з удзелам Сьцяпана, які працуе ў ІТ-сфэры, сваякі даведаліся ад дзяжурнага адваката, які ўвечары таго дня аказваў яму дапамогу. Менавіта па патрабаваньні жанчыны сілавікі выклікалі Сьцяпану хуткую дапамогу. Палату ў шпіталі ахоўвалі, нікога з блізкіх не пускалі, гаварыць па тэлефоне таксама не дазвалялі, толькі ўзялі перадачу.
Мэдыкі дыягнаставалі ў мужчыны траўмы некалькіх абласьцей цела, чэрапна-мазгавую траўму. Сьпірту ў крыві не было. Яму наклалі швы, а на шыю дзеля фіксацыі паставілі адмысловы каўнер. На трэці дзень мужчыну перавезьлі на Акрэсціна, а затым этапавалі ў Жодзіна, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Паводле сваякоў, лісты да Сьцяпана даходзяць вельмі дрэнна, да таго ж ня ўсе.