Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 дзён таму у Менску загінуў Раман Бандарэнка. Што вядома і што зрабілі ўлады за гэты час


Пратэстоўцы з плякатам Рамана Бандарэнкі
Пратэстоўцы з плякатам Рамана Бандарэнкі

Нікога з патэнцыйных злачынцаў не затрымалі, затое ў СІЗА знаходзяцца журналісты і мэдык, які зьняпраўдзіў зьвесткі пра нібыта алькагольнае ап’яненьне ахвяры.

Што здарылася 11 лістапада

Увечары 11 лістапада невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова. Раман Бандарэнка даслаў паведамленьне ў дваровы чат «Я выходжу!» На вуліцы здарыўся канфлікт зь нязванымі гасьцямі, якія пачалі нападаць на жыхароў.

Сярод нападнікаў журналістамі пазьней былі выявілі асобаў, падобных на старшыню Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава і кікбаксэра Дзьмітрыя Шакуту.

Прыкладна а 22-й гадзіне Рамана загрузілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Паводле наяўнай інфармацыі, Раман Бандарэнка знаходзіўся там каля 1,5 гадзіны і апоўначы паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, драпінамі.

Паводле лекараў, у апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Уратаваць пацыента не ўдалося.

Лекар і журналістка трапілі за краты

Сьледчы камітэт адразу заявіў, што Раман нібыта быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.

Лекара-анэстэзіёляга Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў выдаваньні «мэдычнай таямніцы», а журналістку Tut.by Кацярына Барысевіч аказалася вінаватая ў тым, што «схіліла» мэдыка да гэтага. Абое больш за месяц за кратамі.

15 лістапада ў Менску затрымалі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы рэпартаж з акцыі ў памяць пра Рамана Бандарэнку з дому на «плошчы Перамен». Абедзьвюх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

Што сказалі ўлады

Пра сьмерць Рамана Бандарэнкі выказваліся чыноўнікі. Так, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Раман быў п’яны. Хоць маці Рамана і перадала журналістам дакумэнт аб адсутнасьці ў крыві алькаголю.

Лукашэнка загадаў перадаць папярэдняю праверку па гэтым выпадку ў Генэральную пракуратуру. Вынікаў праверкі няма.

Былы міністар унутраных спраў Юры Караеў параіў «менш шумець» вакол гэтай гісторыі і не рабіць спэкуляцый:

«Я думаю, пра гэты выпадак ужо шмат расказана, і адзінае годнае рэагаваньне — менш шуму вакол гэтага, не рабіць на гэтым ніякім бакам ніякіх спэкуляцый. Галоўным тут ёсьць супакой душы чалавека. Якісьці бок цяпер вакол гэтага праяўляць і зноў разьдзімаць іскры ня варта нікому».

А кіраўнік КДБ Іван Тэртэль заклікаў пачакаць, пакуль не разабраліся адпаведныя органы:

«Чалавек загінуў? Які? Бандарэнка? Праводзіцца праверка. Давайце не выпінаць сітуацыю, пакуль не разабраліся адпаведныя органы».

Улады дагэтуль не распачалі крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG