Ён расказаў «Настоящему времени», як і чаму яго затрымлівалі і чаму ён не зьбіраецца эміграваць.
— Раскажыце, колькі разоў вас затрымалі і ў чым абвінавачвалі.
— Тройчы быў затрыманы. Абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных вулічных шэсьцях, мітынгах. А калі затрымлівалі апошні раз, як я даведаўся потым ад сьледчага, што ў іх правіла: калі чалавека затрымліваюць паўторна, то аўтаматычна, акрамя артыкула 23.34 за ўдзел у мітынгу, дадаюць «супраціў супрацоўніку міліцыі». Напрыклад, сьцьвярджалі, што нібыта я хапаў кагосьці за форменную вопратку — гэта было на апошнім судзе. Але ў мяне быў сьведка таго, што гэта, вядома, няпраўда.
— Як увогуле праходзяць гэтыя суды, якая атмасфэра, што скажаце пра судзьдзяў?
— Суды ў маіх справах праходзілі праз скайп. Затрыманых грамадзян адвозяць звычайна на Акрэсьціна, і там праз скайп адбываецца суд. Вядома, я не давяраю тым судам, якія мяне судзілі, бо не супадала нічога: і месца затрыманьня, і розны час затрыманьня. Мае аргумэнты, тлумачэньні і доказы суд звычайна адхіляў. Таму я не давяраю судовай беларускай сыстэме, якую я адчуў на самім сабе.
Былі такія казуістычныя сытуацыі, калі чалавек прад’яўляе чэк з цырульні на 13:40, там былі камэры, і ён судзьдзі прапануе: «Запытайце відэазапісы з камэраў відэаназіраньня, у гэты час я быў у цырульні». А паводле пратаколу міліцыянты сьцьвярджаюць, што ў 12:00 яго затрымалі ў іншым канцы Менску. І судзьдзя на гэта наагул ніяк не рэагуе. Гэта значыць, ён выслухаў тваё тлумачэньне, але гэта ніяк на вынікі судовага рашэньня не паўплывае.
— Вы казалі, што вас і наагул мэдыкаў сілавікі пры затрыманьні называлі «фашыстамі». Якое было стаўленьне сілавікоў да дактароў?
— Калі ў нас быў марш мэдыкаў, ён быў нешматлікі. Мы ішлі ўздоўж праспэкту Дзяржынскага, на нас былі халаты, ўключаныя ліхтарыкі. Ніякіх лёзунгаў, ніякіх плякатаў, ніякай сымболікі пры нас не было. Праехала машына супрацоўнікаў УУС, а мы, беларусы, ведаем, што калі праехаў уазік, значыць, празь пяць хвілін чакай АМАП. Мы проста працягвалі рух уздоўж праспэкту, накіроўваліся ў мэтро, каб там разысьціся, пайсьці па дамах. Тут, натуральна, падʼяжджае мікрааўтобус АМАПу, адначасова да нас ідзе насустрач міліцыянэр — і абвяшчае: «Таварышы, ваша шэсьце несанкцыянаванае». Гэта ўсё, што ён пасьпеў сказаць. Падʼехаў мікрааўтобус, нас атачылі супрацоўнікі АМАПу. Амапавец гэта ўсё здымаў на камэру. Я ў далейшым на судзе хадайнічаў, каб яны прадʼявілі гэты запіс, бо мы не супраціўляліся, у нас не было сымболікі, мы не крычалі «Жыве Беларусь!». Чамусьці не падабаецца гэта ўладам — гэтае абсалютна нармальнае пажаданьне для сваёй краіны, каб яна жыла.
Нас проста загрузілі ў мікрааўтобус, самі ж амапаўцы ехалі з намі ў мікрааўтобусе. Дзяўчаты-мэдычкі нашыя пыталі ў іх: «Навошта вы так паводзіце сябе? Як вы да нас прыйдзеце потым лячыцца?» Яны адказваюць: «А ў нас свае ведамасныя шпіталі, нас гэта наагул не турбуе». А фраза «Вы фашысты» чамусьці прагучала ад кіроўцы мікрааўтобусу. Без тлумачэньняў. Фашызм — гэта ў першую чаргу дзеяньне: забойства, гвалт. Вынікае, што той, хто чыніць гвалт, а ў Беларусі ёсьць забітыя і пацярпелыя, называе пацярпелых «фашыстамі».
— Вы лічылі, колькі дзён у цэлым вы правялі пад арыштам?
— Непасрэдна арышту было 30 дзён — два разы па 15. І 10 жніўня, на наступны дзень пасьля выбараў, мяне затрымалі, але адпусьцілі без суду і без пратаколу. Гэта як бы ня лічыцца арыштам — гэта проста як яшчэ два дні затрыманьня. То бок у мяне 30 дзён адміністрацыйнага арышту і амаль тры дні затрыманьня.
— Які гэта быў ізалятар: Акрэсціна, Жодзіна? Якія там былі ўмовы?
— Дзясятага жніўня проста ў двары ў раёне стэлы ў Менску на праспэкце Пераможцаў нас папярэдзілі сустрэчныя людзі: «Там АМАП пачынае хапаць усіх запар без разбору». Там увечары плянаваўся мітынг — сход людзей з прычыны таго, што іх падманулі на выбарах, але ніякага мітынгу там не было. І мы вырашылі завярнуць у двары. Мы ішлі з хлопцамі — чалавек пяць.
І тут у дварах мікрааўтобус. Хоць на той момант у Беларусі адключылі інтэрнэт — інтэрнэту не было тры дні — але ўжо ўвесь Менск ведаў, што калі бачыш танаваны мікрааўтобус пэўных марак, то лепш бегчы. Мы пабеглі хто куды. Так атрымалася, што пабеглі за мной. Мяне затрымлівалі тры супрацоўнікі АМАПу. Нават калі я ўжо зразумеў, што не магу ад іх уцячы, бо я думаў, што ў вуглавым доме будзе арка, але ўбачыў, што аркі няма, і ўсё, спыніўся там, упаў, ужо нікуды ня бег — яны ўсё роўна працягвалі біць мяне і стрэлілі ў мяне, магчыма, плястыкавай куляй або з траўмату — ня ведаю. Але на сьцягне маім была характэрная рана, бачная дагэтуль. Я зьвяртаўся ў судова-мэдычную экспэртызу, але заключэньне мне на рукі не далі.
А крымінальная справа па гэтым затрыманьні, якую я прасіў распачаць, дасюль не распачатая. Мне са Сьледчага камітэту пэрыядычна прыходзяць лісты, што ідзе дадатковая праверка.
— Нягледзячы на гэтыя ўсе затрыманьні, ці зьбіраецеся выходзіць на будучыя акцыі пратэсту? Калі так, то чаму?
— Вядома, зьбіраюся. У мяне растуць дзьве дачкі, я хачу жыць у сваёй краіне, хачу, каб яны жылі ў свабоднай краіне, каб не баяліся выходзіць на вуліцу, каб іх ніхто ня біў толькі за тое, што яны ня згодныя зь меркаваньнем дзейнага рэжыму. Я буду выходзіць. Лепш няхай будуць біць мяне, чым маіх дзяцей. Я нікуды не хачу зьяжджаць.