Напярэдадні Рада Эўразьвязу прыняла трэці пакет санкцый у дачыненьні да беларускіх уладаў і бізнэсу. Туды ўвайшлі некалькі буйных кампаній, у тым ліку і Synesis.
«Для ўключэньня кампаніі ў гэты сьпіс няма ніякіх юрыдычных або рацыянальных падставаў. Названая прычына глыбока памылковая і грунтуецца на няправільным разуменьні функцыянаваньня тэхналёгій распазнаньня твараў. Synesis рашуча адхіляе памылковую думку аб тым, што тэхналёгія можа выкарыстоўвацца ўрадам Беларусі для ідэнтыфікацыі пратэстоўцаў», — гаворыцца ў звароце на сайце.
Кіраўніцтва кампаніі падкрэсьлівае, што тэхналёгія распазнаньня твараў ня можа выкарыстоўвацца для вызначэньня ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў ці дзеячаў апазыцыі. Плятформа Kipod прызначана для выяўленьня загадзя ідэнтыфікаваных асобаў, загружаных у базу дадзеных злачынцаў, зьніклых бязь вестак і г. д., але ня здольная ідэнтыфікаваць людзей па запісах.
Synesis ніколі не атрымлівала платы ад Міністэрства ўнутраных спраў ці іншых праваахоўных органаў, гаворыцца ў заяве. Любому эўрапейскаму ўраду прапанавана правесьці вонкавы аўдыт паслуг.
У найбліжэйшы час Synesis зьбіраецца афіцыйна абскардзіць рашэньне Рады Эўразьвязу.
Група кампаній Synesis заснаваная ў 2007 годзе ў Менску і распрацоўвае сыстэмы кантролю, мэсэнджары і онлайн-гульні.