Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука пакаралі годам «хатняй хіміі» за ўдар па машыне ДАІ і драпіну на бампэры


Марш пратэсту ў Менску 21 верасьня 2020 году
Марш пратэсту ў Менску 21 верасьня 2020 году

Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 14 рублёў 82 капейкі.

Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў мужчыну за «хуліганства», якім прызналі ўдар нагой па бампэры аўтамабіля ДАІ. Яго пакаралі годам так званай «хатняй хіміі».

Здарэньне, пасьля якога 46-гадовы мантажнік Павал Янкоўскі стаў фігурантам крымінальнай справы, адбылося на нядзельным маршы «Народная інаўгурацыя».

Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 14 рублёў 82 капейкі. Суддзя Юлія Густыр, вядомая шэрагам палітычных прысудаў, прызнала менчука вінаватым і пакарала годам абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу, так званай «хатняй хіміяй», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паўтара месяца да суду 17 сьнежня Янкоўскі правёў пад вартай. Пасьля прысуду яго вызвалілі.

Дзяржаўнае абвінавачаньне ў справе падтрымліваў памочнік пракурора Цэнтральнага раёну сталіцы Арцём Цьвяткоў. Сьведкамі выступілі супрацоўнік ГУУС Менгарвыканкаму пад зьмененым для суду імем, а таксама супрацоўнікі управы ДАІ Менгарвыканкаму Аляксандар Здановіч і Сяргей Мархаток.

Суд абвінаваціў Янкоўскага ў тым, што 27 верасьня ён на перакрыжаваньні вуліцы Багдановіча і праспэкту Машэрава ў Менску нагой ударыў па бампэры аўтамабілся ДАІ, чым «учыніў злоснае хуліганства» паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаньне паводле артыкула 364 — «гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі» — падчас сьледзтва з мужчыны зьнялі.

Павал расказаў, што за гэты час яго пасьпелі асудзіць і па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». У судзе без уліку таго, што ён быў пад вартай, Янкоўскаму прызначылі штраф 810 рублёў.

Супрацоўнікі ДАІ, якія блякавалі дарогу на скрыжаваньні ў той дзень, заявілі, што ўбачылі на бампэры драпіну пасьля ўдару мужчыны, асобу якога потым вызначылі апэратыўнікі.

На судзе Янкоўскі прызнаў віну. Ён сказаў, што зрабіў гэта «на эмацыйнай глебе, у чым шчыра раскайвацца».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG